Рэдактара часопіса Саюза палякаў Беларусі выклікаюць у пракуратуру
Як паведамляе “Хартыя-97” са спасылкай на «Радыё Рацыя», Ігар Банцар (на здымку) не выключае, што падставай для выкліку ў пракуратуру стаў травеньскі нумар часопіса, які ўтрымлівае шэраг крытычных матэрыялаў пра Аляксандру Лукашэнку і меры камітэта дзяржаўнай бяспекі супраць незалежных журналістаў.
Да таго ж, на вокладцы выдання змешчаны калаж з малюнкам Лукашэнкі ў выглядзе расейскага цара Аляксандра ІІІ.
Як раней паведамляў “Твой стыль”, у канцы чэрвеня супрацоўнікі міліцыі пад Шчучынам канфіскавалі больш за 70 асобнікаў часопіса «Магазын польскі ў выгнанні» у актывістаў неафіцыйнага Саюза палякаў у Беларусі на чале з Анжалікай Борыс, якія накіроўваліся на сустрэчу са сваімі прыхільнікамі ў Івянец.
Часопісы былі дасланыя на спецыяльную экспертызу, вынікам якой відавочна і стаў выклік Ігара Банцара ў пракуратуру.