Захаваем традыцыі разам
“Гродзенскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства” традыцыйна правёў сваё адкрытае мерапрыемства “Карагод сяброў”. Удзельнікі не толькі атрымалі граматы за сваю добрую працу на працягу ўсяго года, але яшчэ і пахваліліся тым, чаму навучыліся. Краязнаўцы і фалькларысты паказалі народныя абрады і гульні. Турысты ж узялі з сабой ровары, а таксама нацягнулі вяроўкі над Гараднічанкай і паказалі свае ўменні.
«Гэта падзея вельмі падабаецца дзецям, таму што яна праводзіцца ў цэнтры горада. І да нас часта заходзяць выпадковыя мінакі. Такое ж мерапрыемства ў нас праходзіць у верасні, калі пачынаюць працаваць нашы гурткі. Многія да нас прыйшлі менавіта таму, што пабывалі на нашых святах раней”, – распавёў “Твайму стылю”адзін з арганізатараў мерапрыемства.
Гурткі існуюць на базе школ, універсітэтаў і каледжаў. У іх могуць запісацца ўсе жадаючыя да 28 гадоў. “І гэта вельмі прыемна, калі дастаткова дарослыя дзяўчыны і хлопцы займаюцца фальклорам. У нас таксама праходзіць шмат конкурсаў. Зараз праходзіць абласны фінал конкурсу «Юныя экскурсаводы». Мы адбіраем працы вучняў, якія будуць прадстаўляць свае экскурсіі на ўзроўні Рэспублікі. А яшчэ мы робім відэафільмы на тэму Беларусі.
З сакавіка нашы турысты практычна ўвесь час жывуць у лесе, таму што там праходзяць турслёты, спартыўнае арыентаванне, розныя спаборніцтвы.
Мы запрашаем да сябе ў цэнтр для таго, каб вашыя дзеці маглі займацца здаровымі відамі спорту, турызмам, не забывалі пра сваё мінулае. Вучылі сваю гісторыю і свой фальклор. Ну і гэтак жа запрашаем дарослых, таму што наш цэнтр праводзіць экскурсіі не толькі па горадзе, але і па ўсёй Беларусі і замежжы”, – адзначыў суразмоўца.