Адкрываем Падляшша: музей вёскі пад Беластокам
Скансэны, куды звозяцца старыя хаты, млыны і іншыя пабудовы, вельмі папулярныя ў Польшчы.
На тэрыторыі краіны дзейнічае больш дзесятка вялікіх скансэнаў (самы вялікі ла Санока) і вялікая колькасць маленькіх.
Першы будынак (кузня з ваколіц Гарадка) на тэрыторыю цяперашняга Музею вёскі ля Беластока быў перанесены яшчэ ў 1984 г.
Цяпер агульная плошча скансэна займае 40 гектараў.
Зараз тут больш за сорак аб’ектаў, прывезеных з розных месцаў Падляшскага ваяводства.
На жаль, у час моцнага пажару ў 1994 г. згарэў найстарэйшы з экспанатаў музей – вясковая стадола з 18-га стагоддзя.
Перавезеныя будынкі не рэканструююць, захоўваючы іх арыгінальны выгляд.
У многіх хатах і гаспадарчых пабудовах дзейнічаюць сталыя альбо часовыя выставы.
Так выглядала вясковая мухалоўка
Штогод музей наведвае каля 70 тыс наведвальнікаў і гэтая колькасць увесь час расце.
Разынкай музею з нядаўніх часоў з’яўляецца сакалярня, у якой пад апекай арнітолагаў знаходзяцца каля 20 птушак.
Адмыслова для гарадзенскіх журналістаў, якія завіталі сюды па запрашэнні аддзелу прамоцыі Падляшскага ваяводства, Каміл Бароўскі (на здымку ніжэй) разам са сваім калегам паказалі некаторых птушак.
Гераіняй паказу стала трохгадовая арліца.
Адмыслова для нас было таксама прадэманстраванае сакалінае паляванне.
На працягу некалькіх хвілін сокал-балабан дэманстраваў свае паляўнічыя здольнасці.
Аматарам птушак раім завітаць у музей вёскі ў верасні.
Менавіта тады тут ладзіцца сакаліны фэст.
Яшчэ адной адметнасцю музея з’яўляецца арыгінальная бімброўня (самагонны апарат).
Такі апарат дазваляў выганяць да 150 літраў якаснай самагонкі ў дзень.
“Бімбар разлівалі воооось у такія бутэлькі!”
Сапраўдны падляшскі самагон павінен мець 70 градусаў. Кошт паўлітра складае 10 злотых.
“Самагоннымі” цэнтрамі рэгіёну лічацца ваколіцы Чарнай Беластоцкай і Гарадка (тут штогод праходзіць фестываль маладой беларускай музыкі “Басовішча”).
Музей вёскі сапраўды з’яўляецца вельмі “атмасферным” месцам, дзе можна даведацца, як яшчэ зусім нядаўна жылі нашыя продкі, чым яны займаліся.
Дзеля візіту ў музей варта ахвяраваць хоць гадзінай вольнага часу, асабліва, калі вы знаходзіцеся ў Беластоку на машыне.
Музей адчынены для наведвальнікаў з красавіка да кастрычніка. Патрапіць на тэрыторыю скансэна можна ўсяго за 3 злотых, а па панядзелках – бясплатна.
Дадатковую інфармацыю пра музей вёскі шукайце на яго сайце.
Чытайце іншыя матэрыялы з серыі “Адкрываем Падляшша”:
Адкрываем Падляшша: татарскі шлях