Адкрываем Падляшша: опера ў Беластоку
Горад, які лічыўся цэнтрам аднаго з найбяднейшых рэгіёнаў Польшчы, імкліва развіваецца не толькі як гаспадарчы, але і як культурны цэнтр, адным з галоўных сімвалаў якога з’яўляецца збудаваная нядаўна беластоцкая опера.
Яшчэ адносна нядаўна для таго, каб завабіць туды беларусаў, існавалі адмысловыя візы “у оперу”.
Цяпер у гэтым няма патрэбы, бо квіткі на оперу самі палякі разбіраюць у імгненне вока.
І справа тут не толькі ў высокім выканаўчым майстэрстве артыстаў, але і ў самім будынку, які ўжо зараз можна лічыць адным з аб’ектаў сучаснай архтэктуры.
…Гарадзенскіх журналістаў, якія нядаўна наведалі Беласток па запрашэнні аддзелу прамоцыі Падляшскага ваяводства, па будынку оперы суправаджае намеснік дырэктара Марэк Юзвік (на здымку).
Па яго словах, ідэя пабудовы ў Беластоку сучаснага будынку оперы ўзнікла яшчэ ў 2006-м годзе. Тады кошт будаўніцтва ацэньваўся прыкладна ў 60 млн. злотых, але рэальна склаў 220 міліёнаў.
Конкурс на будаўніцтва выйграла фірма вядомага ў Польшчы архітэктара Марэка Будзінскага. Будаўнічыя працы скончыліся ў 2012 г.
Што атрымалася ў выніку:
– Найноўшая ў Польшчы опера з самым сучасным сцэнічным абсталяваннем.
– Аніводная оперная сцэна ў Еўропе не мае такіх магчымасцяў, як сцэна ў Беластоку.
– Другая па велічыні сцэна ў Польшчы пасля сцэны Нацыянальнага тэатру оперы ў Варшаве.
Зала оперы змяшчае 771 месца, але пры патрэбе можа прыняць і да тысячы чалавек.
Калектыў складаюць каля 80 харыстаў (яшчэ 120 чалавек складае дзіцячы хор), больш за 100 музыкаў не толькі з Польшчы, але і з Беларусі, Украіны, Італіі, Германіі.
Пры падрыхтоўцы прэм’ерных паказаў вельмі часта ладзіцца кастынг, каб адабраць самых лепшых артыстаў.
Першай пастаноўкай на сцэне беластоцкай оперы стаў “Страшны двор” Манюшкі. У мінулым тэатральным сезоне артысты оперы зладзілі 99 паказаў!
Сёння квіткі на многія спектаклі раскупленыя на шмат месяцаў наперад. Кошты вагаюцца (у залежнасці ад сектароў залы) ад 55 злотых і вышэй.
Найвялікшай папулярнасцю карыстаецца “Прывід у оперы”, які заўсёды ідзе пры перапоўненай залі.
На бліжэйшую восень запланаваная прэм’ера “Кармэн”.
Мы патрапілі ў залу, калі там адбывалася падрыхтоўка сцэнаграфіі для “Травіяты”.
Відовішча не магло не ўразіць: 2800 метраў плошчы сцэны, басэйн на 16000 літраў вады, сярод якога ў час пастаноўкі будзе плаваць лодка, вышыня столі 8 метраў, вялікая колькасць задзейнічаных у падрыхтоўцы сцэны спецыялістаў.
Уражвае і вялізны хол оперы, у якім у час нашага візіту працавала фотавыстава, прысвечаная падарожжам.
Пазнаёміцца з рэпертуарам беластоцкай оперы можна на яе сайце.
Там жа ёсць магчымасць зрабіць віртуальны тур па будынку оперы.
Чытайце іншыя матэрыялы з серыі “Адкрываем Падляшша”:
Адкрываем Падляшша: татарскі шлях
Адкрываем Падляшша: Крынкі і Пачопэк