Ці прыбяруць самалёт ад палаца Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне?

Паводле гродзенскага краязнаўцы і эксперта ў галіне архітэктуры Ігара Лапехі, па беларускіх мерках гэта выглядае як адзін з найлепшых прыкладаў рэстаўрацыі ў Беларусі. Але толькі пакуль, бо наперадзе яшчэ шмат працы.

 

Аднаўленнем палаца займаюцца спецыялісты ААТ “Белрэстаўрацыя”. Паводле планаў, якія намецілі ўлады, палац павінны аднавіць сёлета да верасня, калі ў Шчучыне будуць адзначацца Дні беларускага пісьменства.

 

Збудаваны на пачатку ХХ стагоддзя віленскім архітэктарам Тадэвушам Раствароўскім палац адмыслоўцы параўноўваюць з Малым Трыанонам у Версалі, рэзідэнцыі французскіх каралёў. Адзін з князёў Друцкіх-Любецкіх працаваў некаторы час у Францыі і па вяртанні дамоў дазволіў сабе такую экстравагантнасць.

 

У пасляваенныя гады палац апынуўся на тэрыторыі вайсковай часткі, вайскоўцы адчынілі ў ім Дом афіцэраў і дабудавалі актавую залу, а перад будынкам, за некалькі крокаў ад возера, паставілі помнік самалёту. Час не пашкадаваў і самалёт, бо відаць, што ён добра прагніў. Апошнія 15 гадоў па пакоях кінутага палаца гуляў вецер.

Гродзенскі краязнаўца і аматар гісторыі архітэктуры Ігар Лапеха, з якім мы аглядаем рэстаўрацыю, абыходзіць кожны пакой, кранае рукамі тынк, правярае новаўстаўленыя вокны, потым уключае ліхтарык і кажа, што першае і галоўнае – спраўдзіць, як умацавалі падмуркі. Мы спусціліся ў скляпенні, убачаным ён задаволены. Дадае, праўда, што працы тут яшчэ вельмі шмат.

Падмуркі палаца ўмацаваныя

 

“Падмуркі тут умацавалі на жалезабетонную падушку. Яна дазваляе захоўваць у будынку гідралагічны рэжым. Сцены не будуць гніць. Гэта самае істотнае і важнае для будынка”.

 

Мы падымаемся наверх, мой праважаты ўважліва разглядае столь, сцены, паказвае мне дзверы, якія ляжаць на падлозе. Задаволена кажа, што рэстаўратары захоўваюць тое нешматлікае, што засталося ў палацы пасля савецкага часу, не нішчаць, а беражліва аднаўляюць. Праўда, паводле яго, вельмі важна будзе, наколькі стыль інтэр’ераў будзе адпавядаць духу рэзідэнцыі князя Друцкага-Любецкага.

Аўтэнтычныя дэталі ўнутры палаца аднаўляюцца

 

“Мне падабаецца, што тут вельмі скрупулёзна паставіліся да фрызаў і іншых архітэктурных дэталяў, якія захаваліся ў аўтэнтычным выглядзе. Вось мы бачым, што і аўтэнтычныя дзверы будуць рэстаўравацца і іх паставяць ізноў на месца. Вось паглядзіце, як беражліва аднаўляецца ляпніна, прычым аднаўляецца там, дзе была, а не ў кожным памяшканні, як гэта зрабілі ў Залессі. Там проста еўрарамонт”.

 

Мы абыходзім вакол палаца. Настрой Лапехі змяняецца, бо погляд упіраецца ў пяціпавярховы жылы дом, які яшчэ ў 80-я збудавалі амаль упрытык з палацам. Наваколле, на ягоную думку, вельмі абцяжарвае выгляд палаца, і змяніць яго будзе цяжка.

Ігар Лапеха паказвае на частку палаца, якая была дабудавана ў савецкі час

 

Дабудаваная частка палаца розніцца ад аўтэнтычнай

 

Аўтэнтычная частка палаца

 

“На жаль, наваколле было вельмі моцна змененае ў савецкі час: парк высякалі, гэтыя недарэчныя пяціпавярховыя домікі сюды ўлепленыя. Самалёт на пастаменце вельмі псуе выгляд з возера на палац. Я разумею, што гэтыя дамы зносіць ніхто не будзе, але, тым не менш, хоць нейкае аднаўленне парка варта зрабіць, разбіць клумбы…”.

 

Лапеха паказвае на дах і хваліць рэстаўратараў за тое, што балясіны там пакінулі драўляныя, як было адпачатку. А вось вокны – з пластыку.

Рэстаўратары захавалі драўляныя балясіны

 

Вокны ў палацы будуць пластыкавыя

 

“Гэта рэальнасць Беларусі… На жаль, у нас няма такіх еўрапейскіх стандартаў рэстаўрацыі. Але магу падкрэсліць, што па беларускіх стандартах гэта адзін з самых лепшых прыкладаў рэстаўрацыі ў нашай краіне. А вось што выйдзе напрыканцы рэстаўрацыі – бо ў нас звычайна перад пэўнай датай пачынаюцца аўральныя працы – паглядзім, наколькі гэта будзе адпавядаць”.

 

Мы ізноў у былым холе палаца. Лапеха паказвае, што з хола быў уваход у “вялікі салон” з трыма porte-fenêtres (францускімі дзвярыма-вокнамі), дзвюма вялікімі кафлянымі печамі і камінам. Столь упрыгожвала жырандоля венецыянскага шкла, стаялі два вялікія бехштэйнаўскія раялі і піянола.

У былым холе палаца

 

Памяшканні ўпрыгожвалі партрэты і жывапіс, са скульптуры – мармуровая Леда невядомага аўтара. На першым паверсе амаль усю правую частку паркавага фасада займала сталовая, сцены якой былі ўпрыгожаныя партрэтамі каралёў, а ў сервантах захоўвалася фамільнае срэбра і французскі фарфор.

 

Плануецца, што ў адноўленым палацы размесціцца Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Праўда, местачкоўцы распавялі, што некалькі пакояў у палацы забраніраваў і Шчучынскі райвыканкам.​