Гарадзенская ратуша: перыяд класіцызму
Ці задаваліся вы пытаннем, чаму на малюнку Напалеона Орды 1867 г., дзе паказана цэнтральная плошча горада, былы старажытны Рынак, ратуша размешчана ў левым кутку малюнка, ледзьве паказваючыся з-за сценаў гарадской турмы – месца, адкуль адкрываўся від для мастака? Няўжо Орда – чалавек, які замалёўваў галоўныя гісторыка-архітэктурныя каштоўнасці таго часу, намаляваў некалькі дзясяткаў гарадскіх пейзажаў нашага горада – вырашыў абмінуць увагай некалі галоўны будынак места – будынак былога гарадскога самакіравання магдэбургскай Гародні?
Адказ на гэтае пытанне даюць архіўныя крыніцы. Аказваецца, будынак да сяр. ХІХ ст. за час расейскага панавання апынуўся ў вельмі занядбаным і непрыстойным выглядзе, што мастак, верагодна, проста не пажадаў яго цалкам маляваць, а паказаў толькі частку.
Цэнтральная плошча горада (Бульвар). Малюнак Н. Орды 1867 г. З левага боку бачная ратуша, якую праз 2-3 гады пачнуць капітальна “рамантаваць”
У дакументах 1869 г. паведамлялася, што гасцінны двор (так пачалі называць будынак ратушы з 1860-х гг.) апынуўся ў настолькі дрэнным стане, што мог „разрушиться, ибо от несколько лет быв без всякой починки и надзора, приведён уже в совершенное опустошение, и черепица с крыши отчасти разнесена, от чего течь на своды и лавки может привести к обрушению тех же сводов”.
Як бачна, ратуша апынулася ў аварыйным стане і таму гарадскія ўлады вырашылі яе перабудаваць. Перабудаваць капітальна. Адзіная арыгінальная частка, якая засталася ад былога аб’ёму – два шасцікалонныя порцікі, якія размяшчаліся на супрацьлеглых баках будынка. Агульная сума, якая была выдзелена на будаўнічыя работы, складала 18882 руб. Працы працягваліся да 1875 г. Тады ж з паўднёвага боку былі пабудаваны гандлёвыя рады на 27 крамаў. Ратуша (гасцінны двор) набыла рысы эклектызму (змяшання стыляў), яе новы воблік нам добра вядомы, дзякуючы дайшоўшым да нашага часу старым фотаздымкам (гл. Гарадзенскі гасцінны двор на старых фотаздымках).
Вернемся да класіцыстычнай ратушы. Дакладна вядома, што яна была ўзведзена ў 1784 г., у перыяд праўлення Станіслава Аўгуста Панятоўскага – апошняга нашага караля. Тут знаходзіліся магістрат, гаўптвахта і крамы. Мяркуецца, што ратуша была ўзведзена на месцы старой ратушы з гандлёвымі радамі з прыстасаваннем старога аб’ёму. Даказаць гэта можна, параўнаўшы дрэздэнскі план 1753 г. (гл. Старая гродзенская ратуша: гісторыя, перабудовы, знешні выгляд) з планамі 1825-26 гг.:
Планы першага паверха ўсходняй часткі ратушы. 1825-26 гг.
План усходняй часткі другога паверха. 1826 г.
Мы мяркуем, што падчас “рэканструкцыі” 1784 г. амаль цалкам быў захаваны першы ярус старога будынка, уключаючы ўнутраную галерэю (“аркі”), да якой дабудавалі другую галерэю (“слупы”).
Унутраны дворык ратушы пасля 1784 г. Рэканструкцыя аўтара
Вельмі падобны замкнёны па перыметры дворык адлюстраваны на амбоне пач. XVIII ст. у Катэдральным касцёле Святога Францішка Ксаверыя. Цалкам верагодна, што надхненнем для напісання біблейскага сюжэту мастаку паслужыла старадаўняя гарадзенская ратуша, якая, хоць і знаходзілася ў напаўразбураным стане, аднак выконвала гандлёвыя функцыі:
Амбона з Фарнага касцёла на якой, магчыма, адлюстраваны ўнутраны дворык старой ратушы
Дык што з сябе ўяўляла класіцыстычная ратуша? Яна ўяўляла сабой двухпавярховы цагляны атынкаваны будынак, замкнёны па перыметры з выступам паўночна-ўсходняга фасада. Паўднёвы і паўночны фасады былі ўпрыгожаны шасцікалоннымі порцікамі з дарычнымі калонамі на цокалі, антаблементам і трохвугольнымі франтонамі. У двор будынка вялі арачныя праезды. Порцік паўночна-ўсходняга фасада быў васьмікалонны. Унутраны дворык на першым ярусе па перыметры апаясваўся двайной галерэяй з калонамі і аркамі. Паверхі размяжоўваліся міжпавярховымі прафіляванымі паяскамі. Дзверы і вокны на першым ярусе абрамляліся фігурнымі ліштвамі. Будынак накрываў двухсхільны дах з вальмамі. Скляпенні крамаў на першым паверсе – крыжовыя. Сістэма ўнутранай планіроўкі на другім ярусе мела калідорны характар.
Архітэктурныя дэталі будынка наводзяць на думку, што ў праектаванні прымаў удзел віленскі архітэктар Гецэвіч – аўтар праекту перабудовы віленскай ратушы. Але, разам з тым, архітэктурны воблік ратушы (невысокія сцены, завышаны дах, фігурныя ліштвы) цесна звязаны з іншымі класіцыстычнымі будынкамі ў Гародні ды Вільні, для якіх характэрна знешняе падабенства з барочным стылем (будынак дамініканскага кляштару, будынак віцэ-адміністратара, па-базыльянскі будынак у Вільні і інш.)
Рэканструкцыя паўночнага, усходняга і часткі паўднёвага фасадаў ратушы. 1784-1869 гг.
Пацвярджэнне існавання новай ратушы сустракаецца ў 1791 г. Вядома, што яна мела дзве брамы “з фацыятамі”. Будынак ратушы адзначаны таксама на планах Гародні 1793, 1795, 1798 гг. як “ратуша” ці “ратуша з крамамі”.
З прыходам расейскай улады функцыянальнае значэнне ратушы не змянілася. Як і раней, тут размяшчаліся магістрат (быў скасаваны ў 1864 г.), гаўптвахта (да 1869 г.) і крамы. У паўднёва-ўсходняй частцы будынка знаходзілася карчма яўрэйкі Снітковай. Пазней у будынку засядала гарадская дума і сіроцкі суд (да 1869 г.).
Крыніца: supron-licvin.livejournal.com, першае фота – Гарадзенскі Рынак, сярэдзіна ХІХ ст., рэканструкцыя аўтара