Гарадзенскі музычны андэграўнд: топ-5
Мы прапануем сваю версію Топ-5 гарадзенскіх андэграўндных музычных праектаў.
Паставіць кагосці са згаданых ніжэй музыкаў на першае месца нельга хаця б таму, што іх творчасць абсалютна розная, але гэта топ-ліст, таму спіс будзе складвацца па меры напалу, хуткасці, скандальнасці і стылю.
“Вочы” – акустычны нэа-фолк праект, здольны сваёй музыкай зачапіць найбольш далёкія куточкі вашай душы.
Пад іх немагчыма слэміцца і скакаць, варта проста заплюшчыць вочы і ўнесціся думкамі далёка-далёка, або закапацца тварам у валасы каханай(га).
Атмасферны вакал, прыемная музыка, мары і спакой – калі вы шукаеце гэтага, “Вочы” – ваш маяк.
Наступныя ў спісе – вясёлыя хлопцы з “Малыш и KarlsBerg”, вядомыя сваім кавэрам на песню “Ляпис Трубецкой – Пастушок”.
Маючы добрыя перспектывы стаць чарговым кавэр-бэндам, яны, тым не менш, займаюцца самастойнай творчасцю, пішуць песні, шукаюць свой гук.
Песні апалітычныя, лёгкія і прыемныя. Аднесці іх да нейкага пэўнага стылю даволі цяжка, але, па словах лідара гурта, яны імкнуцца да стылю “Брасс-панк”. Поспехаў хлопцам. Джа растафарай!
“TŁUSTA ŁUSTA” – пераможцы “Басовішча-2008”. Здаецца, гэтым можна было б і скончыць, але пасля перамогі, гурт спыніў дзейнасць і некалькі год ніхто нічога пра яго не чуў.
І вось, яны вяртаюцца! Ды як! З новай канцэртнай праграмай DonarTur2015, цалкам з новых песень, новым складам і энэргіяй.
Стыль – рэтра панк-рок, але часам даходзіць і да хардкору. Гурт абавязкова спадабаецца аматарам добрага панку.
І зараз рэзкі пераход да сэнсава іншага боку андэграўнд-сцэны. Counter-Culture, малады хіп-хапер, піша тэксты, насычаныя жыццёвай філасофіяй і асабістым стаўленнем да вострых праблем, якія музыка бачыць вакол.
Цяжка сказаць штосьці пэўнае пра ягоную музыку, акрамя таго, што яна чапляе. Прычым не толькі напаўненнем, але і прынцыпамі і поглядамі чалавека, які яе робіць.
А гэта непрыманне любых відаў дыскрымінацыі, DIY і іншае.
“DzyaDZEN’ka” – жорсткі, бескампрамісны, пратэстны хіп-хап, з простым і адназначным пасылам.
Роля праекту на музычнай сцэне – супраціў рэлігійным, расавым і іншым забабонам і прапагандзе з боку чалавека, не забруджанага ідэалогіяй.
Хоць праекту ўсяго паўгады, музыка ўжо паспеў даць некалькі канцэртаў у Беларусі і Расеі і працягвае развівацца.