Кенгуру любіць цыбулю, тукан – садавіну. Чым харчуюцца жывёлы ў Гродзенскім заапарку

Тыгра кормяць кожны дзень, а змеі могуць не есці год

 

Усіх жывёл, акрамя драпежнікаў, кормяць два разы ў дзень. Для кожнага віду распрацаваны індывідуальны рацыён харчавання. У першую чаргу кормяць маці з дзецьмі, потым усіх астатніх.

 

Самай дарагой па харчаванні жывёлай з’яўляецца тыгр. У дзень ён з’ядае каля 8 кілаграм мяса. А самыя непатрабавальныя жывёлы гэта рэптыліі і дробныя грызуны. Напрыклад, змеі могуць абыходзіцца без ежы каля года, на гэты час яны проста ўпадаюць у спячку.

 

Кенгуру любіць беларускую цыбулю

 

Для пачатку мы адправіліся карміць драпежнікаў: пясцоў і янотападобных сабак. Уся ежа падзелена на порцыі. Сёння на абед драпежнікі будуць есці сырыя курыныя яйкі, рыбу і мяса (ялавічыну, бо свініна з’яўляецца пераносчыкам хвароб). Мяса заапарк купляе за свае грошы ў гродзенскага мясакамбіната.

Далей мы накіраваліся да вальера з кенгуру. Гэтыя мілыя і незвычайныя аўстралійскія сумчатыя вельмі непераборлівыя ў харчаванні. Кормяць іх расліннай ежай: гароднінай, садавінай, семкамі, сенам, сухафруктамі. Яшчэ кенгуру вельмі любяць нашу беларускую цыбулю.

Пасля мы прыйшлі ў госці да прыгожай экзатычнай птушцы з незвычайнай дзюбай – тукана. Адмыслова для яго работнікі заапарка распрацавалі асаблівы рацыён харчавання. Звычайна тукан есць садавіну. Але ёсць адзін нюанс. З-за накаплення жалеза ў арганізме тукан можа загінуць. Таму птушку ні ў якім разе нельга частаваць яблыкамі. Пра гэта паведамляе шыльда на клетцы гэтага дзіўнага прыгажуна.

Пакуль мы кармілі тукана, адна з наведвальніц заапарка спрабавала пачаставаць вярблюда. Практычна на кожным вальеры ёсць таблічкі, якія забараняюць карміць жывёл, але гараджан гэта не спыняе. А жывёлы потым пакутуюць і хварэюць.


Ад булачкі – разбухае жывот

 

Хіба што кожны наведнік заапарка спрабаваў карміць жывёл, нават не падазраючы, якую шкоду ён ім наносіць. Гэтак, накарміўшы поні булачкай, вы, фактычна, забіваеце яго. Страўнік поні прызначаны толькі для расліннай ежы, цеста пачынае брадзіць і ў жывёлы разбухае жывот. А калі пасля іншы разумнік пачастуе поні яблыкам, то ўсё становіцца яшчэ горш.

 

Да таго ж, карміць падапечных заапарка з рук небяспечна. Жывёла можа неспадзявана ўкусіць за руку. Асабліва гэта тычыцца дзяцей.

 

 

Гарадскія птушкі пераносяць шмат хвароб

 

На абед у заапарк прылятае шмат гасцей – гракі, галубы, вароны. А гэта не вельмі добра. Вароны і гракі сілкуюцца ў асноўным за кошт смецця і з’яўляюцца пераносчыкамі небяспечных захворванняў, якімі яны лёгкас могуць падзяліцца з птушкамі з заапарка. Лічыцца, што горад, у якім практычна няма гэтых птушак, вельмі чысты. А ў нас іх, наадварот, дастаткова. Карціна рускага мастака Аляксея Саўрасава “Гракі прыляцелі” ўжо неактуальная. Гракі ўжо не ляцяць на зіму ў вырай, ім і ў горадзе ёсць чым паласавацца.

Адзінае, чаго не хапае заапарку, дык гэта наведвальнікаў. Аднымі з самых частых кліентаў заапарка з’яўляюцца школьнікі. Гэтак жа прыходзіць шмат замежнікаў: палякі, італьянцы, рускія. Часта наведваюць заапарк пажылыя людзі, якія яшчэ ні разу не былі ў новым парку. Яны дзеляцца ўспамінамі і цікавымі гісторыямі пра тое, як жа выглядала гэта дзіўнае месца раней.

 

“Твой стыль” выказвае вялікую ўдзячнасць работнікам заапарка за цікавую экскурсію, асабліва дзякуем Святлане Віктараўне і Алегу Ігаравічу.

 

Фота і відэа Руслан Кулевіч