Я абслугоўваў чэшскі кінематограф

|

Фільм Іржы Мэнцэля «Я абслугоўваў англійскага караля» – экранізацыя кнігі Багуміла Грабала – гэта выбітны прыклад чэшскага кіно: з аднаго боку камедыя, з іншага трагедыя. Першыя сцэны – поўныя алкаголю, прыгожых жанчын, марнатраўства грошай – такая правінцыйная пражская «La Dolce Vita» – распавядаюць нам гісторыю маладога ды хітрага прадаўца сасісак у міжваеннай Чэхаславакіі, які ў хуткім часе будуе кар’еру ў якасці афіцыянта.

 

Якая мара можа быць у малодшага афіцыянта? Стаць старэйшым афіцыянтам. А ў старэйшага? Стаць метрдатэлем. А ў метрдатэля? Мець свой гатэль з рэстаранам. Гісторыю хлопца распавядае ён жа, старэйшы ўжо на некалькі дзесяцігоддзяў, пасля выхаду з камуністычнай турмы. Там ён, нарэшце, трапіў ў зорную кампанію мільянераў, фабрыкантаў, уладальнікаў гатэляў, быць сярод якіх ён заўсёды імкнуўся. Народная сацыялістычная ўлада не любіла буржуазных крывапійцаў.

 

Чэхам традыцыйна ўдалося спалучыць выбітны гумар, лёгкі эратызм, сур’ёзныя ўнутраныя праблемы і этычныя правакацыі, ды ўвапхнуць у стужку яшчэ колькі асацыяцый: я тут убачыў адгалоскі і Феліні, і Уорхала і «American Beauty»… Нават цытату з «Метропаліса» Фрыца Ланга! Як заўсёды, гумар, а можа і ўсё светаўспрыманне чэхаў, на мяжы фолу, на самай ускраіне дазволенага, на лязе. Але яны віртуозы – ні разу не аступіліся. Гратэскнае прадстаўленне нямецкага рэжыму ў тылу другой сусветнай вайны – аплявуха не толькі галоўнаму герою, але і нашаму пачуццю меры, густам, нашай прыпудранай набожнасці і інтэлігентнасці. Каб так паказаць тэму калабарацыі ў нашым кіно? Ніколі! Мы нават толкам пасмяяцца з сябе не ўмеем. Зрэшты, мы не адныя, у палякаў таксама з гэтым праблемы.

 

Мэнцэль лупіць нас пыльным мехам па галаве: калабарацыя гэта смешна, нацыянал-сацыялізм гэта смешна, здрада свайму народу – таксама смешна. І дабіваецца жаданага эфекту правакацыі – мы ў замяшанні, нам цяжка смяяцца з такіх рэчаў. У люстры гратэску мы бачым, колькі сапраўды варты галоўны герой-прыстасаванец і яго мары. Але мы ўжо палюбілі яго і шкадуем, як роднага.

 

Калі я пісаў гэты тэкст – я зразумеў: я абслугоўваю чэшскі кінематограф. Але што зробіш, калі ён у нас зусім невядомы? Толькі тое і застаецца, каб быць суб’ектыўным прапагандыстам.

Фільм: Я абслугоўваў англійскага караля / Obsluhoval jsem anglického krále, Чэхія-Славакія, 2006 г., 120 хв.

Рэжысёр: Іржы Мэнцэль

Жанр: камедыя/драма

Асабістая ацэнка: 8/10 Аляксей Шота