У Свіслачы гіне драўляны маёнтак у закапанскім стылі
Пра маёнтак Бракава распавяла гродзенскі гісторык Таццяна Касатая. Разам з калегамі яны нядаўна адправілі дакументы на тое, каб уключыць яго ў спіс гістарычных аб’ектаў, якія ахоўваюцца дзяржавай.
І вось мы праехалі Свіслач, завярнулі на птушкафабрыку, а за ейным бетонным плотам, у полі паміж збажыны і бульбы – неверагоднай прыгажосці драўляны маёнтак пачатку ХХ стагоддзя. Мы ідзем да яго пешкі, і ўжо здалёк нельга не здзіўляцца незвычайнай для нашых мясцін архітэктуры.
Так, дом уражвае, але ён заўважна недагледжаны. Дах перакрыты шыферам, які ніяк не пасуе да закапанскага стылю, некаторыя элементы паадрываліся, іншыя прагнілі. Відаць, што рука майстра альбо проста гаспадара даўно не кранала тут драўляных дэталяў.
Таццяна распавядае, што будынак хоць і ўзведзены ў 20-я гады мінулага стагоддзя ў традыцыйным для Польшчы закапанскім стылі, але ўсё ж набыў у нашых мясцінах беларускую адметнасць.
– Да прыкладу, рог дома – ён зроблены не так, як рабілі ў Польшчы. Бярвёны выступаюць – такое характэрна болей для Беларусі. Гэта сведчыць пра тое, што адчувалася не толькі агульнапольская традыцыя, але і адметнасць мясцовых майстроў. Цікава яшчэ і тое, што, акрамя закапанскага стылю, у архітэктуры прысутнічаюць элементы нэабарока.
Жыхарка маёнтку ў Бракаве спадарыня Лілія. Вугал дома з бярвёнамі, якія выступаюць – адметнасць, унесеная беларускімі майстрамі ў закапанскі стыль
А вось побач з домам сталага веку жанчына, як высветлілася – спадарыня Лілія, жыве тут больш за 20 гадоў. Распавяла, што ў доме засталіся ўсяго чатыры пенсіянеры. Паводле яе, дом належыць птушкафабрыцы, тут нікога болей не прапісваюць, ім сказалі, што ён у аварыйным стане, але і новага жылля ніхто не дае. Спадарыня Лілія крыўдуе, што яны тут пакінутыя і нікому не патрэбныя. Цікаўлюся – ці рабілі тут хоць які рамонт?
– Ды які рамонт, вось як цячэ дах, то ідзём на птушкафабрыку і просім, каб адрамантавалі, а як не, то і цячэ. Ну вось печы мне яшчэ рамантавалі.
А вось да нашай размовы далучаецца яшчэ адна суседка і крыўдуе на ўмовы жыцця.
– Нічога ў нас тут няма, і дровы трэба самім сячы. І вады не было, гэта вось толькі летась падвялі. Нам жа казалі, што збудавалі дом, каб перасяліць, але так кватэраў там і не далі, а чаму – невядома.
Спадарыня Ядвіга пражыла тут 40 гадоў
Шыфер не адпавядае закапанскаму стылю
Спадарыня Ядвіга распавядае, што за 40 гадоў яе жыцця тут ніхто нічога не рабіў. Толькі як пацякла на даху бляха, то яе замянілі на шыфер, які з цягам часу таксама пацёк. Паводле яе, дом знешне амаль не змяніўся, толькі пастарэў і пачаў месцамі падгніваць.
На другім паверсе ўжо ніхто не жыве, людзей павысялялі і забілі ўваходныя дзверы. Спадарыня Ядвіга з жалем кажа, што ёй вельмі шкада, што дом ніхто не даглядае, а яны ўжо старыя і не могуць гэтага зрабіць самі.
На другім і трэцім паверсе ніхто ўжо не жыве
– Шкада, канечне, шкада, усяго шкада. Вунь усё закінута і ніхто нічога не робіць. Цяпер не будуюць такіх прыгожых дамоў. Гэта каб яго адрамантавалі, то такая памяць была б, а так усё закінута і ніхто нічога не глядзіць. Паглядзіце, як тут усё дыхтоўна зроблена. І каб гэта было дагледжана… Мы ўсё кажам, каб людзей выселілі і зрабілі тут які пансіянат – тут жа такая прырода і так прыгожа.
Спадарыні кажуць, што пра іхні дом, напэўна, ніхто не ведае, бо не прыяжджаюць турысты, не прыходзяць школьнікі вывучаць гісторыю. Толькі аднойчы прыяжджала маладая пані з Польшчы, магчыма, унучка былых уладальнікаў – пахадзіла, пафатаграфавала і з’ехала.
– Нікога гэта не цікавіць, дый каго гэта можа цікавіць – кожны глядзіць сам сябе. Зразумела, што гэта наша гісторыя, але хто яе даглядае… І нас старых тут кінулі і ніхто не глядзіць. Вось толькі скажаш пра тое, што рамонт трэба рабіць, то для іх гэта як насмешка. Тут наагул бур’ян быў такі, што ўлезеш і нічога не відаць. Гэта толькі сёлета навялі парадак.
Гісторык Таццяна Касатая
Таццяна Касатая распавядае, што маёнтак быў пабудаваны на пачатку ХХ стагоддзя Уладзіславам Гашкоўскім. Гэтыя землі, дзе стаіць маёнтак, належалі іхняму роду каля ста год.
– Ну вось тут тры паверхі, рознаўзроўневы дах, прастакутныя вокны бяз ліштвы, таксама вельмі простыя. Але гэты паўкруглы ганак ужо зроблены ў нэабарочным стылі і надае адметнасць ужо не такую мясцовую. Такіх дамоў у Беларусі я не сустракала, каб столькі дэталяў было.
Ганак у стылі нэабарока
На другім паверсе, відавочна, быў балкон, з якога можна было глядзець на парк. Хто і калі яго перарабіў – невядома
Таццяна перакананая: калі адсяліць людзей, дом можна давесці да ладу, бо падмуркі жывыя, захаваліся сцены, а дэталі можна паправіць і дах аднавіць.
– Калі падысці разумна, па-гаспадарску да гэтага дома, то ён можа быць не толькі музеем ці этнаграфічным комплексам, але нават і санаторыем ці домам адпачынку. Праўда, на жаль, тут побач птушкафермы і гэта немагчыма зрабіць, бо ніякага адпачынку і чыстага паветра тут ужо не будзе.
Гродзенскія гісторыкі сабралі і накіравалі ў Мінск дакументацыю, каб уключыць гэты ўнікальны дом у спіс помнікаў архітэктуры Беларусі. Пакуль адказу няма, і далейшы лёс маёнтку ў Бракаве застаецца невядомым.