Школы Гарадзенскага раёна, дзе вучацца па-беларуску

|

Кароткая гісторыя.

 

У часы Расейскай імперыі беларускія школы адкрываць забаранялася. Таму дзейнічалі яны падпольна. Напрыклад, Алаіза Пашкевіч (Цётка) адкрыла адну з першых школ у Лідзе ў 1912 г. Толькі ў часы нямецкай акупацыі было дазволена афіцыйна адкрываць беларускія школы. У красавіку 1916 г. была адкрыта першая пачатковая школа ў Гародні, а ў канцы вайны ў Гарадзенскім павеце працавалі амаль  два дзясяткі беларускіх школ. У самой Гародні было 2 школы.

 

У 1920 у Гародні адкрыта першая беларуская гімназія. З падзелам Беларусі паміж Польшчай і Расіяй у Заходняй Беларусі дынаміка адкрыцця беларускіх школ паступова пачала змяншацца, а потым  з некалькіх сотняў, утвораных да 1920 г., перад 1939 г. іх не стала ўвогуле. З прыходам першых Саветаў спачатку актыўна адкрываліся беларускія школы, хутка расла пісьменнасць простых людзей, якія не мелі магчымасці за польскім часам вучыцца, а потым, праз  кароткі час пасля вайны, беларускія школы зачыняліся.

 

Толькі з атрыманнем  Незалежнасці больш за 20 гадоў таму большасць школ ў Гарадзенскім раёне і ў Гародні сталі беларускімі – адпаведна колькасці працэнтаў беларускага насельніцтва ў краіне. У 1994 г. у Гародні вучыліся 13 315 чалавек у беларускіх класах. Пасля рэферэндума 1995г.  аб роўнасці беларускай і рускай мовы, механізмаў захавання гэтай моўнай роўнасці створана не было. Праз 10 гадоў вучняў у беларускіх класах засталося 660 чалавек – у 20 разоў менш. Механізмы выцяснення мовы працягваюць дзейнічаць і сёння.

 

У сувязі з дэмаграфічнымі,  эканамічнымі і ідэалагічнымі праблемамі ў Гарадзенскім раёне і ў цэлым па краіне  штогод закрываліся дзесяткі школ у сельскай мясцовасці, якія былі пераважна беларускія. Убачыўшы такі неверагодны перагін у “роўнасці” беларускай і рускай мовы кіраўніцтва краіны пачало таксама біць у званы. Асабліва ў 2014 г. Але выправіць усім народам гэты перагін з нізкай нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй дужа цяжка. Павінна быць задзейнічана шмат розных чыннікаў. Адзін з важнейшых – нацыянальная беларуская інтэлігенцыя пакуль шырока не паказала уласным прыкладам простаму чалавеку сапраўдную любоў да роднай мовы. Значная яе частка так і не даспела, каб аддаваць дзяцей у беларускія класы, шукаючы неверагодныя прычыны сваёй адмовы. Недастаткова праяўляе актыўнаць у адкрыцці беларускіх класаў і папулярызацыі беларускага навучання. Не стварыла добрай сістэмы лабіравання беларускіх  інтарэсаў ў дзяржаўных інстытутах краіны. За 24 гады Незалежнасці не вырасла з кароткіх штанішак, каб  спадзявацца найперш  на ўласныя сілы, розум, веру? А можа, ужо вырасла?

 

Статыстыка.


Ва ўсіх школах і гімназіі раёна ў гэтым годзе навучаліся 4552 вучня. З іх 266 у гімназіі г. Скідзеля і 90 вучняў у базавых школах.

 

Яшчэ на 1.09.2014 г. па дадзеным аддзела адукацыі  было 4 беларускія школы.

 

На сёння з 20 сярэдніх школ і адной базавай школы, якія захаваліся ў раёне, – 2 беларускія сярэднія школы і адна базавая. Таксама 259 чалавек вучацца ў беларускіх класах школ з рускай/змешанай мовай выкладання.


Агулам па-беларуску ў раёне (без Гародні) вучыцца 653 чал. (14,3%) ад агульнай колькасці вучняў раёна. Гэта трохі ніжэй за сярэдні паказчык па Беларусі.

 

Выбар.


У якія школы Гарадзенскага раёна бацькі будучых першакласнікаў могуць пісаць заявы, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску? Выбар невялікі, але ён ёсць.

 

Можна выбраць беларускія школы (табліца №1) ці праявіць актыўнасць і разам з іншымі бацькамі і аддзелам адукацыі стварыць беларускі клас ў школах з рускай мовай навучання (табліца №2). Шмат залежыць ад геаграфічнага месцазнаходжання сям’і і магчымасці даезду. У пасляваенныя часы ў беларускія школы хадзілі за 5-10 км. Сёння прасцей, амаль у кожнай сям’і ёсць аўто. Пачынаючы з 4-5 класаў вучню можна  даехаць у школу і на ровары – модна, карысна для здароўя і навакольнага асяроддзя.

 

Запрашаем да выбару сваёй школы! У табліцах можна выбраць найбліжэйшую да месца свайго пражывання.


Чым больш будзе жадаючых вучыцца ў беларускіх школах, тым больш будзе ўвагі і павагі міністэрства адукацыі і нашых суседзяў да беларускай мовы і беларусаў.

 

Кантакты.


Жадаючыя атрымаць кансультацыі па розных аспектах навучальнага працэсу і выбару школы могуць затэлефанаваць у аддзел адукацыі, спорта і турызма Гарадзенскага райвыканкаму.

 

Адрас: 230029, Гародня, вул.Горкага, 1

Тэл/факс: (0152)772731

Эл.пошта: grodroo@mail.grodno.by

 

1. Начальнік аддзела адукацыі – Аксаміт Таццяна Міхайлаўна, каб. 37, тэл.: (0152)772731

2. Намеснік начальніка аддзела адукацыі – Малевіч Ірына Тадэушаўна, каб. 51, тэл.:74-06-20

3. Метадыст – Алена Тадэушаўна, тэл.: 77-36-92

 

Жадаючыя атрымаць кансультацыі і дапамогу па стварэнні беларускага класа могуць звярнуцца  да Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ: Вэлкам – 943 -58-09 (Крой Аляксандр Ільіч), МТС-285-93-07 (Буднік Іван Фёдаравіч)

 

Эл.пошта: tbm.garodnia@tut.by

 

Нагадаем, з 1 чэрвеня да канца жніўня бацькі будуць падаваць заявы ў школы для навучання сваіх дзяцей па-беларуску. Раней “Твой стыль” пісаў пра школы Гродна, дзе вучацца па-беларуску. Запрашаем і вас выбраць беларускую мову для сваіх дзетак!