Прывід Ашмянскага дражджавога?
Але як паведаміў начальнік Смаргонскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Уладзімір Марчанка, гэта не так, завод па-ранейшаму вырабляе дрожджы.
Гэта было 11 чэрвеня, калі паводле пастанаўлення Ашмянскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ён ужо быў спынены на некалькі тыдняў. Але прымаючы да ўвагі той факт, што падобных прадпрыемстваў у краіне ўсяго два, працу завода аднавілі ўжо 2 ліпеня. Уладзіміру Марчанку кіраўніцтва дражджавога паабяцала, што небяспечныя адходы завода будуць збірацца ў закрыты рэзервуар, а пасля вывозіцца.
Нагадаем, што ў выніку залпавага выкіду неачышчаных сцёкавых вод 22-23 траўня непасрэдна ў раку Ашмянку адбылася масавая гібель рыбы на адлегласці каля 20 км. Сярод ахвяраў чырвонакніжнікі: фарэль і харыус.
Як паведаміў Уладзімір Марчанка, у дзень пасля здарэння на невялікім участку ракі ніжэй Ашмян усяго за пару гадзін супрацоўнікі рыбінспекцыі сабралі каля 10 кілаграм памерлай рыбы, якая проста кацілася па дне. Сярод сабраных экземпляраў 32 фарэлі і 6 харыусаў. Паўторнае парушэнне было зафіксавана 11 чэрвеня, але масавай гібелі рыбы не выклікала. Рыба плыла па паверхні, хапала паветра іртом, што сведчыла аб недахопе кіслароду ў вадзе. Пробы вады падцвердзілі факт забруджвання.
Расследаванне паказала, што шкодныя сцёкі траплялі ў раку праз гарадскія ачысныя збудаванні. Паводле пастановы начальніка Смаргонскай міжраённай інспекцыі на РУП «ЖКГ г. Ашмяны» накладаўся штраф у памеры 300 базавых велічынь.
Тая ж інспекцыя накіравала ў ашмянскую пракуратуру і заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць РУП «ЖКГ г. Ашмяны» – памеры шкоды, паводле адмыслова распрацаванага метаду, ацэнены ў 328 млн р. Але для ўзбуджэння справы пракуратура запатрабавала заключэнне экспертаў. Не без судзеяння спадара Марчанкі супрацоўнікі Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсам прыбылі з Мінску, асабіста наведалі месца здарэння і правялі аналіз вады і рыбы. Паводле іх заключэння, у месцы выкіду паказчык «вельмі брудная вада» быў перавышаны ў 6 разоў. Доказы былі сабраныя больш чым грунтоўныя, і пракуратура магла ўзбуджаць справу па факце.
Але ў ашмянскай пракуратуры матэрыялы справы доўгі час праходзілі праверку і ў выніку ёй усё ж было вынесена рашэнне аб адмове ўзбуджэння справы за адсутнасцю складу злачынства.
Дайшло нават да таго, што ўласна ЖКГ падалі скаргу ў суд, маўляў, гэта не мы, а гэта з палёў нацякло. Суд адбыўся ў мінулы панядзелак і справа была вырашана на карысць інспекцыі. Адміністратыўнае пакаранне – штраф ў памеры 300 базавых велічынь панесла Ашмянская ЖКГ, дырэктар прадпрыемства – ў памеры 10 базавых велічынь.
Але калі стокі трапляюць ў раку Ашмянку праз ЖКГ, то прычым тут дражджавы завод?
Па словах Уладзіміра Марчанкі, у Ашмянах мясцовая прамысловасць карыстаецца паслугамі ачысных збудаванняў камунальнай сістэмы горада, а яны не прыстасаваны да прамысловых адходаў. У пратаколах Смаргоньскай інспекцыі РУП «ЖКГ г. Ашмяны» адной з асноўных прычын здарэння называюць агрэсіўныя сцёкі з Ашмянскага дражджавога завода. Сцёкі такога характару неспрыяльна ўздзенічаюць на ілавую бактэрыю, і біялагічнай ачысткі, фактычна, не адбываецца.У выніку 3600 кубаметраў неачышчаных вод накіроўваецца непасрэдна ў раку.
Падобнае становішча на ачысных у Ашмянах з’яўляецца хранічным, парушэнні адбываліся і ў 2008 годзе, і ў 2007, але не ў такіх памерах. На самім заводзе ніхто віны прызнаваць не жадае.