У ПАДТРЫМКУ ВАЎКАВЫСКІХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ

|

Сёння Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч і Аляксандр Казулін распаўсюдзілі адпаведную заяву: “Выстаўленыя Лявонаву, Аўтуховічу і Асіпенку абвінавачанні абсурдныя і не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Гэта прызнаў нават былы супрацоўнік міліцыі, падпал дома якога следства спрабуе паставіць ім у віну. Відаць, што адказнасць за выбух у сталіцы ўлада поўнасцю вырашыла ўскласці на апазіцыю”. Аўтары зварота зазначаюць, што пад крымінальным пераследам па-ранейшаму знаходзяцца 14 удзельнікаў мітынгу прадпрымальнікаў; былыя палітзняволеныя па-ранейшаму абмежаваныя ў сваіх грамадзянскіх правах, ніхто з іх не рэабілітаваны; пад пагрозай жыццё амерыканскага грамадзяніна Эмануіла Зельцэра, які знаходзіцца ў бальніцы ў беларускай турме. У сувязі з гэтым яны сярод іншага патрабуюць неадкладнага вызвалення М.Аўтуховіча, Ю.Лявонава і У.Асіпенкі, аднаўлення ўсіх палітзняволеных у іх грамадзянскіх і маёмасных правах. Па афіцыйнай версіі, затрыманых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў вінавацяць у падпале дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Віталя Кацубы, які адбыўся яшчэ ў 2004 годзе. Ня гледзячы на тое, што вінаваты ў гэтай справе даўно знойдзены і адбывае пакаранне, супраць Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі высунута абвінавачанне па артыкуле 218 частка 2 КК «Наўмыснае знішчэнне, альбо пашкоджанне маёмасці, якое прывяла да значных стратаў». Санкцыі паводле артыкулу — ад 3 да 10 гадоў. Паводле Радыё Рацыя