Топ-5 фактаў пра легендарны “рэстаран Беласток”

Будынак па Савецкай, 20 – равеснік дваццатага стагоддзя, годам яго пабудовы лічыцца 1900-ы. Ад пачатку тут мясціўся гатэль “Камерцыйны” і рэстаран. Пазней змяняліся толькі назвы: “Гандлёвы”, “Паморскі базар”, “Арыент”, “Гродна”, “Белоруссия”, “Беласток”… Бурлівае і вясёлае жыццё будынка замірае толькі ў 1985-м, калі яго ставяць на рэканструкцыю, якая зацягнулася на трыццаць год.

 

Ад летаргічнага сну будынак прачынаецца толькі зараз. Неўзабаве яго здадуць пад офісы ды крамы на першым паверсе. Што з гэтай нагоды можна прыгадаць з яго гісторыі?

 

1. Асяродак беларушчыны. Менавіта ў гэтым будынку падчас Грамадзянскай вайны, пачынаючы з 19 кастрычніка 1920 года, працавала бюро Беларускай Вайсковай Камісіі (БВК). Бюро займалася вярбоўкай у беларускі клас Варшаўскай школы падхарунжых. Вайсковымі справамі БНР сярод іншых тады акурат займаўся гарадзенец маёр Андрэй Якубецкі. Праз 6 год, ужо ў мірны час, тут спыняўся беларускі палітык і пасол польскага сейму Васіль Рагуля, дзядзька знакамітага камандзіра Наваградскага швадрону Барыса Рагулі. Таму як мінімум дзве мемарыяльныя шыльды будынак дакладна заслужыў.

1920-я – бачны балкон і уваход з тарца ў будынак

 

БВК, маёр Андрэй Якубецкі

Артэфакты БВК, знодзеныя на Гарадзеншчыне

2. Бузярня. Цяжка сказаць, існавала ў Гродна адна ці некалькі бузярняў у 30-я, але тое, што ўсе старыя патомныя гарадзенцы прыгадваюць гэты напой – факт дакладны. Лічыцца, што “буза” (і слова, і сам напой) паходзяць ад цюркскіх народаў. Буза – гэта асаблівы гатунак квасу з рознай (аўсянай, ячменнай, пшоннай…) мукі, вельмі распаўсюджаны ў Турцыі, Башкірыі ды на Балканах. Да нас бузу прывезлі македонцы, якія выехалі са сваёй радзімы падалей ад вайны. Летам 1927 г. македонец Біса Пейкаў, які меў бузярню ў Беластоку, адчыніў яшчэ адну ў Гродне. А знаходзілася яна акурат па адрасе Дамініканская, 28. Гісторыкі аднавілі рэцэпт “бузы”, які зараз можна знайсці ў сеціве, засталося толькі ўзяць яго на ўзбраенне і гарадзенскім рэстаратарам.

1920-я гг., бузярня “Арыент”

1930-я гг., бузярня “Арыент”


3. Экстэр’ер для вулічных фота. Нашаму будынку не пашчасціла пастаянна “свяціцца” на старых паштоўках у адрозненні, напрыклад, ад Народнага дому ці Фарнай аптэкі. Затое гатэль стаў сталым фонам для… вулічных фаторграфаў 1930-х, якія “палявалі” на сваіх кліентаў акурат на рагу Дамініканскай (Савецкай) і Ажэшкі. Схема была простая: зрабіўшы фота, майстар даваў мінаку пробнік памерам з вялікую паштовую марку, а той ужо сам вырашаў, замаўляць фота ці не. Таму ў фотаархівах многіх гарадзенскіх сем’яў заставаліся здымкі ўсмешлівых дамаў і кавалераў на фоне бузярні “Арыент” альбо “Паморскага базару”, што дазваляе з дакладнасцю прасачыць гісторыю будынка.

Канец 1930-х г., будынак атынкавалі, ў ім адкрылася крама “Базар Паморскі”


4. Прабацька сучасных гатэляў. Не кожны ведае, што свой пачатак гатэлі “Гродна” і “Беларусь” таксама вядуць ад трохпавярховага будынку на Савецкай. Справа ў тым, што з прыходам саветаў пасля вайны дом на дзіва не змяніў кардынальна свайго профілю. Да 1951 году тут дзейнічаў рэстаран “Белоруссия”, а ў хуткім часе адчыніла дзверы і гасцініца №2 з такой жа назвай. У 1969-м установа змяніла назву на “Гродна”. Па меры росту горада стары будынак перастаў спраўляцца з колькасцю наведвальнікаў. Так паўсталі вялікія гатэльныя комплексы “Беларусь” і “Гродна”, але ўжо ў новых раёнах. 

 

5. Легендарны “Беласток”. У 1964-м тут адчыняецца спачатку кавярня, а праз 10 год і рэстаран “Беласток”. Назва, што нетыпова для савецкага гораду, была выкананая на фасадзе па-руску і па-польску, што ўжо дадавала загадкавасці і шарму ў часы “жалезнай завесы”. З таго часу рэстаран карыстаецца вялікай папулярнасцю, штовечар там грае жывая музыка. Кожны чытач можа спраўдзіць: у расповедах гарадзенцаў пра “гулянні” часоў Брэжнева, рэстаран “Беласток” будзе фігураваць абавязкова. Пасля закрыцця будынку на рэканструкцыю, якая амаль супала з пачаткам “Перабудовы” у СССР, назва “Беласток” перавандроўвае на рэстаран на рагу Тэльмана і Гараднічанскай, якога ўжо таксама не існуе.

 

Пачатак 1970-х, рэстаран “Беласток”, бачна частка кінатэатра “Спартак”. Фота Наталлі Дораш

Канцец 1970-х гг., апошнія гады існавання “Беластока”


P.S. Безумоўна цешыць, што будынак на рагу Савецкай і Віленскай нарэшце ажыве бліжэйшым часам. Шкада толькі, што ўпершыню за 100 год ён зменіць свайму рэстаранна-гатэльнаму профілю… Такім чынам сам брэнд “Рэстаран Беласток” дагэтуль застаецца вакантным і чакае на чарговую інкарнацыю недзе сярод вузкіх вулачак старога Гродна.

 

Фота з архіваў і Вольгі Мілавай