Дзівакі і фрыкі Гродна: Калян і Марыся
Акрамя Эвы, пра якога мы пісалі мінулым разам, у раёне вуліц Савецкіх памежнікаў, Паповіча і Соламавай былі іншыя цікавыя і неардынарныя асобы. Напрыклад, знакамітая парачка – Калян і Марыся. Два звычайных чалавечка невысокага росту і вельмі эксцэнтрычна апранутых, вось ужо каля 20 год штодня гойсаюць па раёну.
Не адзін год многія жыхары гэтых вуліц прачыналіся ў 6 раніцы ад трохпавярховага мату Марысі або Каляна. Пара звычайна з самага ранку правярала сметніцы пад’ездаў у пошуку чагосьці цікавага. Дзіўна, што сам Калян ніколі ў сметніцах не рыўся, гэтая справа належала Марысі. Коля ў гэты час вітаўся з дворнікамі або жыхарамі дамоў.
Бывала і такое: выкідаеш непатрэбную вопратку або абутак, а на наступны дзень гэтымі рэчамі папаўняецца гардэроб Марысі або Колі. Частымі былі выпадкі, калі яны адно аднаму фарбавалі рознымі колерамі валасы: ад чорнага да зялёнага.
Героі часта сварыліся і спрачаліся, часцяком даходзіла і да бойкі каханых. Падзівіцца на такое шоў любілі мясцовыя алкаголікі. Яны пастаянна выкрыквалі парады, як жа і куды лепей ляснуць сваю другую палову.
Звычайна Марыся атрымлівала ад свайго мужчыны за звышмернае ўжыванне алкаголю, але і бывалі іншыя выпадкі, напрыклад, за спробы кідацца пад аўтамабілі з мэтай атрымаць грошай ад кіроўцы, якія скончваліся няўдала.
Вельмі часта можна было пабачыць парачку ў піўных ларках каля крамы “Свіслач” або каля кінатэатра “Кастрычнік”. Марыся вельмі любіла выпіць, а вось Коля захапляўся звычайна півам. Калі прытрымлівацца легенды, якая перадавалася на вуліцах сярод падлеткаў і дарослых, дык Коля падчас службы ў памежных войсках захварэў на мінінгіт, быў камісаваны і пачаў атрымліваць пенсію інваліда, з цягам часу пачаў прыбіраць падвалы некаторых жылых дамоў за нейкую невялічкую сумму, ну а Марыся збірала звычайна пустыя бутэлькі, якія можна было здаць. Ізноў жа па гарадской легендзе прыкладна ў канцы 80-х Коля сустрэў Марысю, якая была ўжо вельмі падсеўшы на моцныя алкагольныя напоі. Менавіта так і склаўся гэты саюз.
Фота з лістапада 2007
Расказвалі, што Коля жыў разам з пляменніцай, сястрой і маці ў прыватным сектары каля сучаснай аўтакрамы “Бумер” на Савецкіх памежнікаў, але Марысю сям’я не пускала ў хату жыць разам з Колям, таму часта пара начавала ў падвалах.
Час ад часу Марысю забіралі міліцыянеры: на прымусовае лячэнне ад алкагалізму ці, часцей, у звычайны выцвярэзнік. Тады Колі прыходзілася гойсаць па вуліцах аднаму і распавядаць пра нялёгкую долю часовага халасцяка.
Аднак, не так даўно, больш за год таму, Коля пачаў з’яўляцца на вуліцах раёну без Марысі. Выглядаў ён вельмі сумна і нездарова. На пытанні чаму ён ходзіць адзін, Коля звычайна адказваў вельмі лаканічна “Усё, п****ц Марысі!”. Пасля чаго размова ўжо зусім не клеілася, бо чалавек наўпрост адмаўляўся размаўляць на дадзеную тэму. Таму ніхто не ведае, што здарылася з гераіняй артыкулу.
Трошкі адыйшоўшы ад гэтай сітуацыі, Коля жартаўліва пачынаў чапляцца да жанчын і дзяўчын на вуліцы альбо ў краме “Алмі”, што на Савецкіх памежнікаў, прапаноўваў пазнаёміцца бліжэй і расказваў, што ён зараз халасцяк. Але апошнія некалькі месяцаў Колі таксама не відаць на вуліцах раёну.
Пішыце ў каментарах свае цікавыя гісторыі, звязаныя з гэтымі асобамі!