Цягнік Гродна-Вільня: доўга, не вельмі танна і пакуль малалюдна

|

–  Трэба на новым цягніку з’ездзіць у Вільню, – прапанаваў рэдактар.

 

Правесці выходные ў адным з любімых гарадоў здалося прывабнай прапановай – і я адразу пайшла за квіткамі.

 

Беларуская чыгунка запусціла  новы дызель-цягнік міжнародных ліній № 816/815 Гродна – Ліда – Вільня яшчэ 6 чэрвеня гэтага года. Аднак на лініі ён курсуе толькі па суботах і нядзелях.

У першы дзень, калі пачаў ездзіць гэты цягнік, яго пасажырамі сталі ўсяго 15 чалавек. Што цяпер робіцца на новым маршруце? Ці стала больш людзей карыстацца цягніком? Купляючы квіток, пацікавілася ў касірцы:

 –  Ці ёсць яшчэ вольныя месцы? – рэклама цягніка ў кожным акенцы.

 –  Так, ёсць і даволі шмат.  Пакуль не вельмі карыстаецца попытам гэты напрамак.

 – А чаму?

Касірка толькі паціснула плячыма, але ўпэўнена сказала:

 – Прайшло вельмі мала часу,  гэты маршрут абавязкова набудзе сваю папулярнасць.

А я падумала, што 5.40 раніцы – не самы зручны час для пачатка падарожжа, а 4, 5 гадзіны ў дарозе не дабавяць папулярнасці гэтаму мапршруту. Ды і кошт квітка на 50-80 тысяч даражэй, чым у маршрутцы і аўтобусе.

Трэба сказаць, што звязаць цягніком Вільню і Гродна планавалі дастаткова даўно. Прапаноўвалася нават узнавіць былы участак чыгункі – тады цягнікі маглі б ісці праз Друскенікі і Парэчча, як гэта было раней. Аднак у 90-я гады з літоўскага боку пуці былі разабраныя.  Планы аб арганізацыі хуткасных пасажырскіх перавозак  і рэанімаванне накірунка Гродна-Ліда-Вільня былі яшчэ два гады таму, але новы цягнік з’явіўся толькі зараз.

Шчыра кажучы, думкі аб тым, што у дарозе прыйдзецца правесці амаль 5 гадзін, не спрыялі аптымістычнаму настрою. Але  надзея на тое, што ў цягніку можна будзе дастаткова камфортна даехаць да Вільні, заставалася.

У новым  дызелі  рыжскай фірмы RVR – 3 вагоны і 254 месцы для сядзення. У нядзелю на ўвесь састаў было ўсяго 5 чалавек,  таму на сядзеннях  можна было дастаткова камфортна прылегчы, што я і зрабіла, калі квіткі былі правераныя правадніцай, якая, дарэчы толькі адна на ўвесь цягнік.

Падарожжа пачалося трохі нярвова: бадзёры голас машыніста паведаміў – “Цягнік ідзе да Ліды с усімі прыпынкамі” і на электроным табло ў вагоне з’явіўся надпіс –  “да Ліды”. Мае суседзі, сталая пара, адразу занепакоіліся і пачалі высвятляць, куды ж на самой справе ідзе дызель. Аказалася, што да Вільні, а чаму машыніст зрабіў такую аб’яву – правадніца растлумачыць не змагла, але паабяцала паразмаўляць з нашым “капітанам”.  Я ж пацікавілася, чаму  так мала людзей. Дзяўчына паўтарыла словы касіркі:

 –  Шмат хто пакуль не ведае пра новы маршрут, але мы маем надзею, што надалей людзей будзе толькі больш.

А пакуль цягнік накіроўваўся ў бок Мастоў і Ліды. Дарэчы, тут да нас далучылася яшчэ два чалавекі. Так сямёра мы і даехалі да літоўскай сталіцы.

 

Цягнік прыпыняецца ў Мастах і Лідзе ўсяго на некалькі хвілін, затое стаіць  доўга на мяжы: 40 хвілін у Беняконях і 30 – у Стасіласе.

З-за таго, што людзей на маршруце зараз вельмі мала, мытны і пагранічны дагляд вельмі пільны. Правяраюцца ўсе рэчы, сядзенні  аглядаюцца пры дапамозе спецыяльнага люстэрка. У вагонах нават працуюсь сабакі. Так што правезці кантрабанду не атрымаецца. Мытнікі і  пагранічнкі ўсміхаюцца і паводзяць сябе вельмі ветліва, жартуюць і ад няма чаго рабіць размаўляюць з пасажырамі. І нашыя, і літоўскія.  На шляху да Вільны мы абмеркавалі надвор’е, а на адваротнымі – фрызуры, якія так часта мяняюць жанчыны.

 

З беларускага боку, калі мы ехалі назад, нас сустракаў яшчэ і прадстаўнік ветэрынарнага кантролю. Справа ў тым, што з-за эпідэміі афрыканскай чумы свіней, якая віравала на тэрыторыі  Беларусі, а потом і Літвы ў мінулым і паўзамінулым гадах, мяса і мясные прадукты са свініны правозіць у нашу краіну нельга. Аб гэтым у цягніку паведамляе спецыяльны інфармацыйны аркуш, а прадстаўнік беларускай втэрынарнай службы вельмі настойліва цікавіцца наянасць ці адсутнасцю ежы ў маім заплечніку.

 

Шчыра кажучы, 4,5 гадзіны ад Гродна да Вільні праляцелі не вельмі заўважна. Можа з-за таго, што амаль палову шляху я спала, утульна ўладкаваўшыся на сядзеннях. Але калі цягнік быў бы запоўнены цалкам – ехаць было б не так зручна. 

 

Канешне, наверсе, пад столю, як ў любым іншым дызелі ёсць паліца для багажу. Але яна наўрадці будзе зручнай для вялікіх рэчаў. Для транзітных пасажыраў, якія карыстаюцца аэрапортам у Вільні, цягнік не вельмі зучны, менавіта па прычыне размяшчэння падарожных рэчаў – іх цяжка ўладкаваць.  Нязручна будзе і пасажырам, калі іх набярэцца досыць вялікая колькасць – адлегласць паміж сядзеннямі не вельмі вялікая. Улічваючы, што сядзенні не раскладваюцца і не вельмі мяккія, а час у дарозе дастаткова вялікі – усе гэта не спрыяе камфортнаму падарожжу.

Дарэчы, у цягніку няма ні інтэрнету, ні электрычных разетак. Так што электроныя дэвайсы падсілкаваць  будзе немагчыма. 

 

Цяпер  пра адзін дэлікатны момант. У прыбіральні пасажыр сябе будзе адчуваць не вельмі зручна: яна нагадвае хутчэй “вясковую шпакоўню”, чым адпаведнае месца ў міжнародным цягніку.

Ежа і напоі ў цягніку набыць немагчыма – такі продаж пакуль што адсутнічае. І ці будзе ён – невядоома. Таму набытыя ў апошні момант печыва і вада на Віленскім вакзале на адваротным шляху былі дарэчы.

Назад з літоўскай сталіцы ехалі таксама сямёра. Праўда, у Беняконях, а потым Лідзе і Мастах, цягнік запоўнілі пасажыры, якія вярталіся пасля выходных у Гродна.

Мой сусед Саша, які ехаў на апошні іспыт ва ўніверсітет з Ліды, толькі нахвальваў цягнік, маўляў, вельмі зручна ехаць з райцэнтра – хутка і  танна. Квіток ад Ліды да Гродна каштуе ўсяго 16 400. Ды і цягнік пакуль новы  – вельмі прывабны і акуратны. І я адзначыла пра сябе гэтую супярэчнасць: як цягнік мясцовых ліній – ён вельмі зручны, калі не сказаць ідэальны, а вось да ўзроўня міжнароднага састава ўсё ж такі не дацягвае.

ДАВЕДКА “ТС”


На маршруце цягнік робіць 4 прыпынка – Масты, Ліда, Беняконі, Стасілас.

 

Даўжэй за ўсё цягнік стаіць на станцыі Беняконі – 40 хвілін.

 

Цягнік 816Е адыходзіць з Гродна ў 05:44.

 

Прыбывае цягнік ў Вильню ў 10:15.

Цягнік 815Т адпраўляецца з Вільні ў 17:26.

 

Прыходзіць цягнік у Гродна ў 21:51.

 

Як яшчэ можна дабрацца з Гродна ў Вільню? Глядзіце ў нашай інфаграфіцы