“Што там у армян?”: гаворыць відавочца (відэа)

|

У Гродна Аўсэп прыехаў 30 чэрвеня ў якасці прадстаўніка адной з працоўных груп Кіруючага камітэту Грамадзянскага форуму Усходняга Партнёрства. Яго працоўная група займаецца пытаннямі культуры, адукацыі, моладзі і сталых людзей у краінах Усходняга Партнёрства (Беларусь, Украіна, Малдова, Арменія, Грузія, Азербайджан).

 

Мы старысталіся яго візітам, каб распытаць пра тое, што на самой справе адбываецца сёння ў Арменіі.

 

Кажа Аўсэп Хуршудзян (Hovsep Khurshudyan, на здымку):

 

– Людзі патрабуюць не павышаць кошты на электраэнэргію. Так здарылася, што кампанія, якая належыць Расіі (а Расія кантралюе ў Арменіі амаль усё: эканоміку і ў значнай ступені палітыку) увесь час неабгрунтавана павышае кошты на электраэнэргію. Цяпер у Арменіі самая дарагая электрыснасць ва ўсёй пост-савецкай прасторы.

 

…Ёсць вынікі аўдыту, якія паказваюць, што кампанія атрымлівае аграмадныя прыбыткі і невядома, чаму павялічвае кошты.

 

…Людзі перакрылі зараз праспект Баграмяна ў Ерэване і гэта выклікае вялікую занепакоенасць уладаў, бо яны ведаюць, да чаго гэта можа прывесці…

 

Адзін раз улады разагналі на некалькі гадзін людзей з праспекта з выкарыстаннем вадамётаў, незаконнымі затрыманнямі на 10-15 гадзін каля 250 чалавек, раненнямі людзей.

Гэта выклікала яшчэ большае абвастрэнне і на наступны дзень выйшла ўдвая больш людзей.

Пасля гэтага ўлады заявілі, што не будуць больш выкарыстоўваць такія меры і кожны, хто хоча, можа надалей свабодна знаходзіцца на вуліцы. І толькі затым было абвешчана рашэнне прэзідэнта, што кошты не будуць павышацца за кошт насельніцтва.

 

…Што тычыцца паралеляў з Украінай, то сітуацыя на Майдане была больш палітызаваная. Тут працэсам кіруюць грамадскія актывісты, якія імкнуцца трымаць усё па-за палітычным полем, не дапускаюць нікога з палітыкаў да мікрафона, каб гэта не адбілася адмоўна на дасягненні мэтаў пратэста.

Працэсы, якія зараз ідуць у Ерэване, кантралююцца не арганізатарамі, не ўладамі, а менавіта народам, які там сабраўся і гэта дае надзею.

 

У людзей з’явілася натхненне пасля таго, як улады пайшлі на саступкі.

 

Гэта своеасаблівае грамадскае адраджэнне, бо кожны раз, калі ўлады фальсіфікавалі вынікі выбараў, у людзей усё больш і больш павялічвалася апатыя, адчуванне, што яны адсунутыя ад кіравання краінай, ад усіх важных працэсаў у грамадстве.

 

Зараз жа людзі ўбачылі, што ўздзеянне на гэтую карумпаваную ўладу з боку грамадства значна больш выніковае. Працэсы, якія ў нас пачаліся, вельмі непрадказальныя. Яшчэ нічога не скончылася.

 

Фота: trust.ua