Брамнік зборнай Беларусі і БАТЭ Сяргей Чэрнік наведаў каталіцкі дзіцячы лагер “Няцеч”

|

Для ўсiх 38 дзяцей, якiя цяпер знаходзяцца ў лагеры, гэта было вялiкiм святам. Дзецi спаткалi спартсмена з усмешкамi на тварах, на прывiтанне падрыхтавалi рэлiгiйную песню. Пасля хлопцы i дзяўчаты паказалi свае пакоі, расказалi, як жывуць і чым займаюцца.

 

Потым адбылася прэс-канферэнцыя, якая трывала амаль гадзiну. На пачатку Сяргей Чэрнiк коратка расказаў сваю бiяграфiю, а затым з радасцю адказаў на пытаннi, якiя задавалi дзецi.

 

– Сяргей, якая Ваша любiмая кнiжка?

 

– Калi вучыўся ў школе, то чытаў шмат, але цяпер часу на гэта не хапае. Аднак стараюся заўсёды знайсцi хвiлiнку i пачытаць любiмую кнiжку. Люблю кнiгi Васiля Быкава, пра вайну, ёсць таксама цiкавая кнiжка ў Льва Яшына, калi той апicвае сваю бiяграфiю.

 

– Як доўга Вы не прапускалі мячы ў браму?

 

– Журналісты, якія вядуць статыстыку, палічылі, колькі хвілін я не прапускаў, і ўдалося пабіць рэкорд – больш за 1000 хвілін.

 

– Чаму Вы абралі менавіта футбол?

 

– Бацька быў футбалістам. Першым падарункам быў футбольны мяч.

 

– Скажыце, з якім лікам завяршыўся Ваш першы матч, калі памятаеце?

 

– Памятаю. У складзе ФК «БАТЭ» – гэта была гульня з ФК «Мінск» – мы перамаглі 1:0.

 

– Што Вы больш за ўсё любіце есці?

 

– Я шмат чаго люблю, ем усё. Сёння бабуля мне прыгатавала «памачушку». Я сам люблю гатаваць.

 

– Калі б Вы не сталі футбалістам, кім тады хацелі б быць?

 

– Хакейным брамнікам.

 

– Сяргей, раскажыце, якое месца займае вера ў Вашым жыццi?

 

– Асновы былі закладзены бабуляй і дзядулем. У вёсцы Фальковічы мы праводзілі летнія канікулы. Калі ў нядзелю не было магчымасці дабрацца да касцёла, то дзядуля ўключаў радыё і мы слухалі святую Імшу. Кожны вечар дзядуля незалежна ад стомленасці заўсёды прамаўляў «Патэр», і гэта больш за ўсё ў мяне адклалася ў памяці.

 

Да сённяшняга дня я кожны вечар станаўлюся на калені і дзякую ў малітве Пану Богу за пражыты дзень.

 

Пазней мы жылі ў Лунна (Мастоўскі раён) і тут у нас была падрыхтоўка да Першай Камуніі і споведзі.

 

Калі пераехалі ў Гродна, я пазнаёміўся з дзяўчынай Веранікай (жонка Сяргея. – аўт.), і яна дапамагла падрыхтавацца да сакрамэнту канфірмацыі, а праз нейкі час адбыўся шлюб у касцёле.

 

Перад кожным матчам я малюся і прашу Бога аб благаслаўленні. Жадаю вам, дзеці, каб вы пры кожнай магчымасці дзякавалі Богу за тое, што ў вас ёсць на сёння.

 

Кожны ўдзельнік прэс-канферэнцыі атрымаў у падарунак фота футбаліста з аўтографам. Сяргей падарыў лагеру футбольныя і валейбольныя мячы і салодкія прызы.

 

Потым адбыўся майстар-клас ад Сяргея, падчас якога дзеці былі падзелены на дзве каманды і прайшлі эстафеты, а потым разам згулялі ў футбол.

 

Завяршыліся заняткі на полі ўдарамі па брамах, месца ў якіх заняў Сяргей Чэрнік. Фотасесія і цёплыя размовы з футбалістам завяршылі сустрэчу. Сяргей паабяцаў наведаць дзяцей у наступным годзе.

 

Даведка ТС:

 

Сяргей Чэрнік з 2005 да 2013 г. выступаў за гарадзенскі “Нёман” (згуляў 98 гульняў). У час выступаў за гарадзенцаў быў прызнаны лепшым брамнікам чэмпіянату краіны 2013 г.

 

Чытачы “Твайго стылю” таксама аддалі Чэрніку 1-е месца ў час галасавання за лепшага футбаліста “Нёмана” у 2013-м годзе.

 

У час выстапаў за “Нёман” Сяргей пачаў выклікацца ў зборную Беларусі.

 

У 2014 г. перайшоў у барысаўскі БАТЭ, у складзе якога стаў чэмпіёнам краіны 2014 г., выйграў Кубак і СуперКубак Беларусі 2015 г.

 

Зусім нядаўна абнавіў рэкорд чэмпіянату Беларусі па колькасці хвілін, згуляных запар без прапушчаных галоў – 1072 хвіліны.