Падатак для ўладальнікаў аграсядзібаў стане дыферэнцыраваным
Зараз разглядаецца пытанне аб павелічэнні стаўкі збору для ўладальнікаў аграсядзібаў, зараз яны плацяць адну базавую велічыню ў год (1 БВ – Br180 тыс.). На думку Міністэрства па падатках і зборах , памер стаўкі павінен быць адпаведным памеру даходаў, атрыманых ад аказання паслуг у сферы аграэкатурызму. Разам з тым для суб’ектаў аграэкатурызму ёсць шэраг пэўных прэферэнцый, замацаваных Указам №372, якія дзейнічаюць да 2021 года. Таму павышэнне стаўкі не павінна прывесці да зніжэння зацікаўленасці суб’ектаў аграэкатурызму ў развіцці гэтай сферы.
МПЗ прапануе ўсталяваць стаўку збору ў памеры адной базавай велічыні ў месяц. “Пры гэтым збор будзе выплочвацца толькі за тыя месяцы, у якія фактычна будзе ажыццяўляцца такая дзейнасць”, – падкрэслілі спецыялісты.
Акрамя таго, разглядаецца прапанова дазволіць павялічваць стаўку збору абласным Саветам дэпутатаў. У такім выпадку рашэнне аб павышэнні стаўкі можа залежаць ад некалькіх фактараў. Напрыклад, ад таго, якія паслугі аказваюць у сядзібе – на практыцы акрамя аказання паслуг, вызначаных указам №372, суб’екты аграэкатурызму займаюцца таксама арганізацыяй вяселляў, юбілеяў і іншых урачыстасцяў. Акрамя гэтага, будзе ўлічвацца, колькі ў аграсядзібе жылых пакояў і дзе яна знаходзіцца – у сельскай мясцовасці, пасёлку гарадскога тыпу, горадзе раённага падпарадкавання, курортнай зоне.
Праектам указа прапануецца дазволіць дэпутатам павялічваць збор не больш чым у 10 разоў.
У Беларусі дзейнічае адмысловы парадак дзейнасці суб’ектаў у сферы аграэкатурызму. У прыватнасці, такая дзейнасць не з’яўляецца прадпрымальніцкай і не патрабуе атрымання якіх-небудзь ліцэнзій: працаваць у сферы аграэкатурызму можна на аснове заяўнага прынцыпу. Ад 2006 года стаўка збору для суб’ектаў аграэкатурызму складае адну базавую велічыню ў год і зараз змяняецца ўпершыню.