Адбудзецца прэзентацыя інтэрактыўнай Мапы гарадзенскіх успамінаў!

Мэтай сайта з’яўляецца збор і распаўсюд вусных успамінаў, якія звязаны з Гродна.

 

На сайце знаходзіцца інтэрактыўная мапа горада, на якой адзначаны месцы, пра якія ўспамінаюць гарадзенцы.

 

Сабраныя ўспаміны – гэта гісторыя, у якой чалавек, яго падзеі і памяць займаюць вельмі важнае месца. Гісторыя, якая паказвае горад з іншага боку – больш прыватна-асабістага, а не навуковага.

 

Мапа з’яўляецца вынікам працы студэнцкага  клуба “Гарадзенскія ўспаміны”  Універсітэта Залатога Веку, які дзейнічае пры грамадзкай арганізацыі Цэнтр “Трэці Сектар”.

 

Удзельнікі клуба  сустракаліся на працягу апошняга навучальнага года, каб размаўляць пра горад, які памятаюць з гадоў дзяцінства і ранняй маладосці. Ініцыятаркай сустрэч і стварэння сайта з’яўляецца Вольга – валанцёрка, якая прыехала ў арганізацыю з Польшчы, па праграме Еўрапейскай валанцёрскай службы.

 

Успаміны на сайце размешчаны па тэмах. Можна  знайсці шмат узгадак пра колішні выгляд гарадзенскіх рэстаранаў і вуліц, пачытаць, чым Гродна найперш запомніўся  жыхарам і даведацца пра мясцовых фрыкаў.

 

Пакуль на сайце сабраны толькі ўспаміны прадстаўнікоў старэйшага пакалення.

 

Змест іх тычыцца ў асноўным 50-70-ых гадоў. Але сайт чакае і пазнейшых гісторый – аўтарка бачыць яго  мастом паміж пакаленнямі, які дапаможа не толькі зразумець горад, але падтрымае яго жыхароў у імкненні паразумецца паміж сабою. 

 

Кожны з наведвальнікаў можа пакінуць на сайце  свой уласны ўспамін, звязаны з горадам – пра месца ці пра людзей, распавесці ўласную гісторыю, якая потым будзе выкладзена на сайце. Вітаюцца таксама аўдіё- і відэаматэр’ялы.

 

Імпрэза пачнецца 16 ліпеня ў 18.00 па адрасе вул. Будзённага 48а-63 (“Цэнтр “Трэці Сектар”).

 

Сустрэча будзе складацца з двух частак – прэзентацыі сайта і інтэрактыўнай працы, якая дазволіць пакінуць уласныя ўспаміны.