Эліза Ажэшка сустракала сяброў у Швейцарскай даліне
На пачатку сустрэчы арганізатары свята падкрэслілі, што для сучасных гарадзенцаў знакамітая пісьменніца не проста зямлячка:
“Эліза Ажэшка – гэта брэнд нашага горада”
Гэта прыцягнула на імпрэзу даволі вялікую колькасць людзей. На пляцоўцы пры доміку Ажэшкі сабраліся гарадзенцы – прадстаўнікі ўсіх пакаленняў, а таксама турысты, што наведаліся ў горад.
Свята пачалося з танца: пары прайшліся ў паланэзе пад праспяванае хорам “Развітанне з радзімай” Агінскага.
Творы пісьменніцы прагучалі на розных мовах – па-беларуску, па-польску і па-руску,
а дэкламавалі іх вучні гарадзенскіх школаў. Мясцовыя паэты прачыталі свае творы, прысвечаныя Элізе Ажэшка.
Пад час свята госці пані Элізы маглі знайці для сябе шмат розных атракцыяў, напрыклад, паўдзельнічаць у гульні-віктарыне з пытаннямі пра жыццё і творчасць пісьменніцы ці наведаць фотавыставу Аляксандра Сявенкi і Віктара Саяпіна, а таксама пазнаёміцца з дакументамі з фонду бібліятэкі.
Самыя маладыя наведвальнікі ахвотна бавілі час на дзіцячай пляцоўцы.
Таксама была магчымасць падвучыцца танцаваць беларускія народныя танцы і паслухаць фальклорныя песні.
“Мне вельмі падабаецца, што здарылася нагода пазнаёміцца з беларускай культурай, патанцаваць”,
– сказаў нам Марко з Італіі, які з групай іншых замежнікаў наведаў свята – “Я магу адзначыць нават некаторае падабенства паміж нашымі культурамі – хаця б у колерах народных строяў ці інструментах, на якіх выконваюць народную музыку. Мне падабаецца ідэя біблятэкі выходзіць па-за свае сцены”.