Выбары 2015: у абласную і гарадскія тэрытарыяльныя камісіі апазіцыю не пусцілі

Паводле праваабаронцы Рамана Юргеля, які прысутнічаў на сумесным паседжанні Гарадзенскага аблвыканкаму і прэзідыюму абласнога Савету, тэрытарыяльная абласная камісія была сфармавана з 13 чалавек:

 

“Ад апазыцыі прэтэндавалі па адным прадстаўніку ад АГП і ад партыі “Справядлівы сьвет”, але іх, як і ў мінулыя разы, не ўключылі па ўжо знаёмых прычынах, маўляў, яны беспрацоўныя і ня маюць вопыту працы ў падобных камісіях, а таксама ў іх мала зарэгістраваных на тэрыторыі вобласці партыйных структураў. У склад камісіі прайшлі толькі праўладныя прадстаўнікі, прычым агучылі, што яны прадстаўляюць 12 раёнаў вобласьці”. 

 

Аляксандра Васілевіч, кіраўнічка абласной структуры АГП, падавала сваю кандыдатуру для ўключэння ў абласную тэрытарыяльную камісію, але на паседжанні ёй было заяўлена, што яна беспрацоўная, ня мае вопыту працы і колькасць партыйных структураў на тэрыторыі вобласьці ў іх малая. 

 

Паводле Васілевіч, а яна не першы раз прысутнічала пры стварэньні падобных камісій, атмасфера абсалютна не змянілася і ўсё робіцца так, як заранёў спланавала ўлада. 

 

 

“Ніякіх апазіцыянераў у камісіі як не ўключалі, так і цяпер не ўключылі — нічога не зьмянілася. І прычыны, па якіх апазіцыянераў не ўключаюць у камісіі, штогод адныя і тыя: нідзе не працуюць, адсутнасць шырокай сеткі партыйных арганізацый на тэрыторыі вобласці і самае важнае для іх — адсутнасць вопыту працы ў падобных камісіях. Цікава толькі, дзе ўзяць гэты вопыт, калі цябе ніколі ні ў якія камісіі не ўключаюць. Карацей, выбары пачаліся, як і заўсёды…”. 

 

Паводле праваабаронцы Рамана Юргеля, у дзве гарадскія тэрытарыяльныя камісіі Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў прадстаўнікоў апазыцыйных партый таксама не ўключылі.

 

Нагадаем, выбары прэзідэнта Беларусі адбудуцца 11 кастрычніка.

 

Крыніца: радыё “Свабода”