“Басы” акрыляюць: Фестываль музыкі маладой Беларусі вачыма гарадзенцаў і музыкаў

– Вядома, мне спадабаўся фестываль. Прыехаўшы, я адразу ўбачыла надпіс ля намётавага гарадка “БАСмежжа”. І на працягу двух дзён з’явілася адчуванне, што гэта “Басовішча” – асобная рэспубліка. Было прыемна  чуць і бачыць сапраўдных беларусаў, бачыць бел-чырвона-белыя сцягі, народны арнамент на кашулях. Музыка таксама была шыкоўная. Было прыемна бачыць, як спачатку розныя людзі знаёміцца, п’юць разам, спрачаюцца пра нешта, граюць на гітарах і спяваюць. БАСмежжа збліжае людзей. Я прыехала дамоў з натхненнем, якое не пакідае і дагэтуль. “Басы” акрыляюць!

Маша, 18 год, студэнтка

 

– У гэтым годзе я была на фестывалі ў Германіі, у Беларусі, але на “Басовішчы” была найлепшая атмасфера. Дабрыня, пазітыў, сяброўства. І так прыемна, калі ты ідзеш да сцэны і ніхто не правярае твае рэчы і твае кішэні! Гэтага не хапае як паветра. Я ездзіла на “Басы”, бо хацела паслухать “Дзецюкоў”. Вельмі задаволена іх канцэртам! Яшчэ спадабаліся Аkute, Вольскі, Памідораў.

Ганна,24 гады, праграмістка

– Я была на “Басовішчы” упершыню, але наведала ў свой час шмат іншых оўпэнаў, таму ёсць з чым параўноўваць. Калі казаць пра ўмовы, то ўсё было арганізавана даволі някепска – і намёткавы гарадок быў, і паркінг, і вады-ежы-піва ўсім хапіла.

 

Калі казаць пра ўражанні, то з аднаго боку – усё класна: прыехала шмат цікавых людзей, гралі крутыя музыкі (асабліва кранулі “Дзецюкі” і Вольскі!). З іншага боку – мне трошку не хапіла “канцэптуальнага двіжа” на тэрыторыі фестываля – адной музыкі было мала. Я чула шмат гісторый пра “Басы” накшталт “Прыехуў на фестываль – прабухаў два дні, да сцэны нават не падыйшоў”. І гэта, канешне, кепска. Магчыма, калі б праграма фестываля была больш разнастайннай, такіх водгукаў было б меньш.

Алена, 21, журналістка

– Была на “Басах” упершыню. Калі шчыра, пасля 5 гадзін на мяжы думала, што ніколі сюды не вярнуся, але цяпер перакананая: нават калі прыйдзецца стаяць на мяжы па 7 ці 10 гадзін, буду ўсё роўна ездзіць на “Басовішча”.

 

Фестывалі з такой вольнай і сяброўскай атмасферай зараз вельмі патрэбныя беларусам. Рэдка калі атрымліваецца вось так пасядзець з аднадумцамі, паспяваць тыя ж “Тры чарапахі”, “Простыя словы” ці “Я нарадзіўся тут” пад гітару… І вельмі класна, што на Басах усе адкрытыя да кантакту і новых знаёмстваў. Мо таму, што тут усе свае…

 

Я знайшла сабе шмат новых сяброў, з якімі, спадзяюся, буду ездзіць на “Басовішча” і праз год, і праз два, і праз дзесяць. З выступаў музыкаў больш за ўсё запомніўся, канешне, Лявон Вольскі. Даўно хацела пачуць “Грамадазнаўства” ўжывую, і вось нарэшце атрымалася. Ды і старыя добрыя песні было прыемна паслухаць і патаньчыць пад іх. Нават сарвала голас. “Дзецюкі” таксама вельмі парадавалі выступам, нягледзячы на тое, што гралі яны ўжо амаль на світанку. Увогуле, энергетыка падчас канцэртаў была шыкоўная! Нават халоднае надвор’е і дождж на другі дзень не сапсавалі ўражанні ад фестывалю.

 

Цяпер агітую ўсіх сваіх знаёмых і сяброў, якія яшчэ не былі на “Басовішчы”, ехаць са мною на наступны год, таму што адчуць гэтую непаўторную атмасферу, гэтую свабоду мусіць кожны беларус.

Кася, 19 год, студэнтка

– На “Басах” я з сябрамі быў упершыню. Дабіраліся на аўто, за дзень да выезду знаёміліся з польскімі дарогамі па Google Maps. Агульны час паездкі склаў прыкладна 4 гадзіны.

 

Адразу кінулася ў вочы колькасць ахоўнікаў у зялёных цішотках. Не было адчування, што погляд у варты быў з нейкай падазроннасцю. Дагляд уласных рэчаў на канцэртах у Беларусі стаў ужо звычайнай рэччу. Падсвядомасць казала, што зараз будзе тое самае. Але ж не. Дзяўчыны-валанцёркі начапілі бранзалецік за 20 злотых і з усмешкай прапусцілі ў намётавы гарадок.

 

Гук гітар-басоў-бубнаў, што даносіўся праз сосны, суцэльнае чакане чагосьці неверагоднага спрыялі хуткай “акліматызацыі”, ды атмасфера дазваляля чэрпаць натхненне. Гук быў на вышэйшым узроўні, не было адчування, што бас-бочка біла у сонечнае спляценне. З ежай ніякіх праблемаў не было. На самом фестывалі палаткі пачыналі працаваць дзесьці а пятай, да гэтага часу можна было падсілкавацца ў рэстарацыі запраўкі Pronar за 20-25 злотых.

 

Прыбіральні – асобная тэма. У параўнанні з GreenFest`ам  – неба і зямля. Іх колькасць дазваляла не марнаваць час у чэргах. Месцазнаходжанне фэста абрана даволі прадумана. Не недзе ў полі, а на баравым узлеску пад соснамі. Дрэвы стваралі ўтульнасць,  і падчас канцэрту абрана прапускалі сонечныя прамяні.

 

Увогуле, фестываль вельмі спадабаўся. Адчуванне свабоды, магчымасць убачыць і пачуць любімых музыкаў – гэта сагравае і будзе грэць душу яшчэ доўга. У наступным годзе спадзяюся зноў паехаць, і праз год, і далей.

Пятро, архітэктар

– “Басовішча”… Мы чакалі яго цэлае лета! Збіралі кампанію, слухалі музыку тых выканаўцаў, якіх яшчэ не чулі, і, паклаўшы ў торбу бел-чырвона-белы сцяг, накіраваліся з Гародні на Грудэк. На “Басах” былі ўпершыню, таму дарогу дакладна не ведалі.

 

Пашанцавала з людьмі, якія ехалі з намі ў аўтобусе – мы пазнаёміліся, разам паспявалі песні пад гітару. Ішлі мы весела – спявалі песні, крычалі “Наша возьме!”. І вось мы ўжо на месцы… Трэба раскласці намёты (таксама ўпершыню), пад’есці крыху, выпіць! Прагуляцца, пазнаеміцца з людзьмі. Неверагодна крутая атмасфера на “Басовішчы”!

 

Сустракаеш нечакана сваіх сяброў, знаёмішся з новымі, гутарыш, спяваеш, танчыш! Ды яшчэ адрываешся з такімі зоркамі, як Аkute, Лявон Вольскі, Brutto, Дзецюкі! Шчасце перапаўняе тваё сэрца! А яшчэ парадавала польская дэнс-паці. Даўно мы так не дрыгалі да ранку! Сабраўшы ўсе рэчы і накіраваўшыся дахаты, мы паабяцалі, што праз год вернемся сюды ізноў!!!

 

Наста, 21 год, студэнтка

 

– Даехалі сваім аўто. Дарога заняла каля 3-х гадзін разам з мяжой. Арганізацыя і склад удзельнікаў спадабаліся. Меркаваў, што будзе больш беларусаў, склалася ўражанне, што гэта баль такі, мясцовы фестываль для мясцовых, хаця хэдлайнерамі былі зоркі баларускага рока. Больш за ўсё, канешне, спадабаліся выступы Вольскага, “Дзецюкоў” і Brutto. У наступным годзе збіраюся зноў. Быў першы раз.

Віталь, 23 гады, будаўнік

 

Практычна ўсе апытаныя гарадзенцы адзначалі выступ на “Басовішчы” гарадзенскага гурта “Дзецюкі” і Лявона Вольскага. Мы запыталі і ў музыкаў пра іх уражанні ад фестывалю.

 

Алесь Дзянісаў, лідар “Дзецюкоў”:

– Усё спадабалася. Жылі ў школе на матах, як сапраўдныя “зоркі”. Наш выступ лічу неўдалым, бо праблемай гурта становіцца алкаголь. Можна, канешне, спісаць яшчэ і на тое, што выступалі позна, што былі стомленыя, але… гэта не самае важнае. Будзем збірацца і размаўляць.


Лявон Вольскі:

– На мой погляд, фэстываль прагрэсуе. Бо раней, памятаю, час выступаў вельмі зацягваўся, усё ссоўвалася на гадзіну ці нават, болей. Цяпер усё ідзе ў планаваны час, гэта радуе. Мне вельмі спадабаўся падбор выступоўцаў гэтым разам – сапраўды таленавітыя выканаўцы і ў конкурсе, і па-за ім. Зусім не сорамна за айчынную музыку – усе, хто гэтым разам выступалі на Басовішчы, спакойна маглі б прэзентаваць Беларусь на любым еўрапейскім ці амэрыканскім фэсце. І глядзеліся б не горай за астатніх “фірмовых” выканаўцаў. Адно шкада, што візавая падтрымка дагэтуль не працуе так,  як хацелася б.

 

Відэа: Волковыск.BY

Фота: “Еўрарадые”, радые “Рацыя”