У Іўеўскім раёне памежнікі заспелі кантрабандыстаў за перакідваннем цыгарэт на літоўскую тэрыторыю

|

Двое беларусаў, мясцовых жыхароў,  пад’ехалі на тэрыторыю памежнай паласы на аўтамабілі “Ніва” без рэгістрацыйных нумароў. У момант, калі памежны  нарад спыніў іх незаконную дзейнасць, яны акурат перакідвалі кантрабандны тавар праз мяжу. На той час у салоне аўтамабіля заставалася яшчэ 6 корабаў (3000 пачкаў) цыгарэт.

 

Інфармацыя аб правапарушэнні была аператыўна перададзена супрацоўнікам Віленскага памежнага атрада. Пазней калегі паведамілі аб выяўленні ў гэтым раёне каля памежнай агароджы яшчэ  5-і корабаў з цыгарэтамі.

 

Пад час дастаўкі затрыманага аўтамабіля на памежны пост адбылося самазагаранне машыны,  прычынай якога стала замыканне электраправодкі. Салон аўто выгарэў, затрыманы груз быў пашкоджаны.   Супрацоўнікі МНС аператыўна лакалізавалі пожар. Пацярпелых няма.

 

У дачыненні да затрыманых грамадзян пачалі  адміністрацыйны працэс па арт. 23.29 КаАП Рэспублікі Беларусь (Незаконнае перасячэнне мяжы), ім  выпісаны позвы.