Дзень незалежнасці, які не стаў святам
Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі была прынята 27-га ліпеня 1990-га году Вярхоўным Саветам БССР. З 1991 па 1996 гэты дзень лічыўся галоўным нацыянальным святам.
– Свята 27-га ліпеня праіснавала кароткі час. Адзначалася сціпла: шэсце па гораду, тэатралізаваная імпрэза на стадыёне. Толькі ўсё гэта праходзіла пад сімволікай, адмененай на рэферэндуме 1995 г. Днём Незалежнасці лагічней было б лічыць дзень прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці.
Віктар Саяпін, краязнаўца
-Зразумела, 27 ліпеня – сапраўдны Дзень Незалежнасці. Святкаваўся хораша, ад душы, а не з прымусу.
У Гародні мы збіраліся ў залі каля кавярні “Батлейка” на неафіцыйнае святкаванне. Бывала, прыходзіў старшыня аблвыканкаму Домаш, віцэ-мэр Мілінкевіч. Было адчуванне навізны, нечага лепшага наперадзе.
Лукашэнка перарабіў свята, думаю, з некалькіх прычынаў. Па-першае, так хацелі ў Маскве. Па другое, ягонае пакаленне, як і маё, расло ва ўмовах непарыўнай гераізацыі і міфалагізацыі вайны, таму ў падсвядомасці засталіся пэўныя стэрэатыпы. Лукашэнка якраз гэтыя стэрэатыпы выкарыстоўвае. Але яны для людзей, якім далёка за 50 гадоў. На маладых яны ўжо не дзейнічаюць, тым больш, што пра вайну грамадства давеладася шмат негераічнай праўды.
3 ліпеня – гэта ніяк не звязана са здабыццём незалежнасці нашай краінай. Проста адзін акупацыйны рэжым змяніўся іншым.
Аляксандр Краўцэвіч, гісторык
-Ды ніяк ён асабліва не святкаваўся, гэта была новая дата, якую трэба было абжываць, рабіць з ёй нешта-як далей зрабілася і што сталася – вы ведаеце.
Нагодаю да спаткання з патрыятычна настроенымі сябрамі пры стале з алкаголем – а як жа інакш -27 ліпеня таксама было.
Віктар Шалкевіч, актор, музыка
-На жаль, як Свята – з вялікай літары, гэты дзень не ўспрымаўся. Можа мы проста не паспелі зразумець яго значэнне? Тым больш, што адзначалі яго ўлетку, калі усе былі па-за горадам, ці далека ад дома…
Для мяне пытанне, які дзень павінен святкавацца – вельмі цяжкае. Мой асабісты выбар – 25 сакавіка.
Андрэй Чарнякевіч, гісторык
-27 ліпеня – 25 гадоў беларускай Дэкларацыі Незалежнасці. Вядома, гэты дзень мае больш падставаў называцца Днём Незалежнасці, чым 3 ліпеня ( а 25 сакавіка – і яшчэ больш). У 1990-х 27 ліпеня сьвяткавалі і на дзяржаўным, і на грамадзкім узроўні. Памятаю 10-тысячнае шэсце ў 1997-м па цэнтральных вуліцах…
Малады Фронт заўжды адзначаў гэтую дату адмысловымі акцыямі. У 2000-м, на 10 гадоў Дэкларацыі, гэта быў канцэрт “Дзесяць гадоў – дзесяць хітоў”, дзе выступалі НРМ, “Уліс”, Кася Камоцкая і кожны год незалежнасці адзначалі асобным хітом: “Радыё “Свабода”, “Партызанская”, “Гэта мы” і так далей.
У 2001-м “Лятучы пікет” – 15 маладафронтаўцаў у белых і чырвоных майках утваралі жывыя нацыянальныя сцягі ля Дома Урада, КГБ ды Адміністрацыі. У 2002-м праводзілі “Дзень незалежнай прэсы” ( ланцуг людзей на Кастрычніцкай плошчы з незалежнымі газетамі ў руках).
Канечне, адседжвалі за гэта. А калі маеш 30 “сутак” за акцыі 27 ліпеня -у асабістым календары дзень адмысловы.
Павел Севярынец, палітык
-27 ліпеня – важная веха ў нашай дзяржаўнасці, але галоўнае свята беларусаў на ўсе дзесяцігоддзі і стагоддзі – гэта Дзень Волі – 25 сакавіка – абвешчанне БНР у 1918-ым годзе.
Сённяшні дзяржаўны “дзень незалежнасці” абсалютна фальшывае свята. Гэта толькі дзень вызвалення Менску ад фашыстаў.
Уладзімір Хільмановіч, праваабаронца, публіцыст
-Для мяне гэта было вялікае свята. Праводзіліся мітынгі, парады, шэсці са сцягамі, якія заўжды збіралі вялікую колькасць людзей. Канешне, гэта пачатак 90-х гадоў, пераходны перыяд, дастаткова было сціпла, але затое з душой і з радасцю.
Звычайна ў гэты час я праводзіў археалагічныя даследаванні, гэта якраз пік сезона. Натуральна, вакол нас пастаянна былі бела-чырвона-белыя сцягі, Пагоня, шмат радасці, мовы і моладзі.
Генадзь Семянчук, гісторык
3 ліпеня назаўсёды з юнацтва для мяне гэта дата святая. У нашай сям’і, як і ў любой беларускай, поўна тых, хто праліў сваю кроў і аддаў жыццё у змаганні з фашызмам. Дзень вызвалення – гэта, як кажуць, свята са слязамі на вачах.
Сёння – юбілей прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце рэспублікі.
Важнейшая адзнака на палітычным шляху Беларусі да сваёй незалежнасці, момант развітання з СССР. Дзеля гэтага таксама патрабаваліся патрыятычная энергія, палітычная воля многіх і многіх людзей, для каго свабодная, вольная, самастойная беларуская дзяржава заўсёды была святым ідэалам.
І ўсё ж падмуркам, валуном, на якім грунтуецца беларуская незалежнасць, для мяне заўсёды з’яўлялася 25 сакавіка 1918 году – дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
А 3 ліпеня, 27 ліпеня – прыступкі сталення, змагання, усталявання нашае дзяржаўнасці, нашага суверэнітэту.
Гэта ўсё звёны аднаго непарыўнага ланцуга беларускай волі.
Таццяна Караткевіч, кандыдатка ў прэзідэнты