Перагоншчык аўто: Я ў гэтым “бізнэсе” каля 20 гадоў – такой сітуацыі не было ніколі

Як вядома, аўтарынак працуе па суботах і нядзелях. З раніцы ў суботу на самім рынку патэнцыйных пакупнікоў было не вельмі шмат, у асноўным прысутнічалі тыя, хто хацеў прадаць аўтамабіль.

 

Не сакрэт – некаторыя гарадзенцы ўжо не адзін год зарабляюць перапродажам аўтамабіляў. Вырашана было адшукаць такіх людзей, бо яны ў нашым пытанні куды больш дасведчаныя, чым звычайныя аўтааматары.

 

Нарэшце знайшоўся адзін мужчына сярэдніх гадоў, які прадставіўся Сяргеем і пагадзіўся пракаментаваць сітуацыю з патаненнем аўто.


“Паглядзі на сітуацыю ў краіне – крызіс! У звычайных людзей няма грошай на пакупку нават больш-менш прыстойнай машыны, якая не так шмат павідала на сваім вяку. У людзей невялікія заробкі, а калі яшчэ і нешта паесці трэба купіць, і заплаціць за паслугі, і дзецям капейку даць – у выніку не застаецца амаль нічога, каб купіць больш-менш прыстойны аўтамабіль, каторы хаця б не будзе ламацца кожны дзень.


Я ў гэтым “бізнэсе” каля 20 год – павер, такой сітуацыі яшчэ не было ніколі. Мы ж усё добра разумеем, таму і ідзем на саступкі: калі будзеш “лупіць” за аўтамабіль вялікую суму, то яго ніхто не купіць, вось і скідваем па 2 – 3 тысячы, а некаторыя і больш, хто займаецца машынамі “бізнес-класу”. Многія мае знаёмыя аддаюць аўтамабілі ўвогуле ў вялікія “мінусы” – больш за тысячу даляраў, каб толькі было чым карміць сям’ю”, – адзначыў наш суразмоўца.

 

На пытанне, якія аўтамабілі зараз карыстаюцца больш вялікім попытам, Сяргей адказаў так: “Зараз папулярнымі сталі аўтамабілі “эканом-класа” і каштуюць яны ад 3 да 6 тысяч даляраў, у залежнасці ад году выпуска, камплектацыі і тэхнічна-касметычнага стану. Бо такі аўтамабіль “не пражорлівы”: ён патрабуе не вельмі шмат паліва і запчасткі для іх таксама не вельмі дарагія”.


Сярод самых папулярных на сёння марак і мадэляў аўто наш суразмоўца назваў Opel Astra 2000-2003гг., Opel Zafira 2001-2004гг., Ford Focus 2000-2005гг., Citroen C5 2000-2005гг., і Volkswagen Passat 1998-2004гг.


Каб праверыць інфармацыю і сярэднія кошты на самыя “бюджэтныя” аўтамабілі па меркаванню перагоншчыка, “Твой стыль” звяртаецца да функцыі “Графік коштаў” аднаго з самых папулярных беларускіх аўтамабальных парталаў – av.by.

Сапраўды, як сцвярджаў Сяргей, узгаданыя аўтамабілі “сярэдніх” коштаў, але вось чаму патаннелі аўтамабілі “бізнэс-класу” ён так і не змог растлумачыць.

 

Наступным нашым суразмоўцам стаў мужчына гадоў 50, які прадставіўся Аляксандрам: “Узгадайце сітуацыю 2010-2011 гадоў, калі растаможкі былі ў 3-4 разы ніжэйшыя, а значыць, і кошты на аўто былі на некалькі тысяч меньшыя, тады расіяне ў нас выцягнулі ўвесь “шрот з балтамі”, а беларускі аўтапарк вельмі моцна абнавіўся.


А ў ліпені 2011 года растаможкі на аўтамабілі з-за мяжы падняліся, а значыць, і падняліся кошты на машыны, дарэчы, гэтыя клятыя кошты растаможкі трымаюцца на тых жа пазіцыях і зараз. І ўсё б нічога, але больш за год таму ў Расіі вельмі моцна знізіўся курс расейскага рубля да даляра ЗША. Тады і кошты на аўтамабілі моцна ў іх упалі, і нашыя “перагоншчыкі” рванулі туды, бо там рэальна было выгодней набываць аўто, чым у Еўропе.


Такім чынам аўтарынкі напоўніліся таннымі іншамаркамі з Расіі, якія яшчэ ў 2010-2011 гадах самі ж рускія ад нас вывазілі, а беларускія аўтамабілі, невытрымаўшы розніцы ў коштах, таксама патаннелі да ўзроўня іншамарак, якія прыгналі з Расіі”.


Наконт патаннення пра аўто “бізнэс-класа” Аляксандр сцвярджаў: “Зараз у людзей іншыя прыярытэты: каб меньш машына ламалася, каб меньш грошай ішло на паліва. На сённяшні дзень амаль за тую ж сумму, якую Вы аддадзіце за 15-гадовы BMW Х5 у аўтасалоне, можна купіць новы Polo альбо Hundai Solaris. Кожны дзень будзеце на ім ездзіць і не ведаць праблем мінімум пакуль не скончыцца гарантыя”.


Ізноў правяраем атрыманую інфармацыю з дапамогай “Графіка коштаў” з av.by.

Сапраўды, каментар Аляксандра пацвердзіўся: бачна, што новыя Polo i Solaris 2015 году адрозніваюцца па коштах у памеры каля 1000-1500 даляраў ЗША. Можна зрабіць вынік, што сярод не толькі гарадзенцаў, але і агулам беларусаў набіраюць папулярнасць аўтамабілі больш практычныя і эканомныя, чым “джыпы” альбо вялікія седаны “бізнэс-класу”.