Мінус 91 тысяча: як будзе выміраць вёска на Гарадзеншчыне

Паводле агучаных нядаўна на канферэнцыі ў Мінску звестак навукова-даследніцкага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі, ужо да 2030 г. насельніцтва Гарадзеншчыны скароціцца на 25 тыс. чалавек (гэта зусім крыху менш, чым колькасць жыхароў Карэліцкага раёна сёння).

 

Асабліва адчувальныя страты спазнае вёска – да 2030 г. колькасць вясковых жыхароў зменшыцца на 91 тыс. чалавек! Для разумення масштабу – гэта насельніцтва трох раёнаў вобласці.

 

Рэзкае зніжэнне колькасці вясковага насельніцтва будзе выклікана трымя галоўнымі фактарамі: пераездам вясковых жыхароў у вялікія гарады рэгіёна (гарадское насельніцтва вырасце на 65 тыс.), высокім паказчыкам смяротнасці, а таксама зніжэннем нараджальнасці.

 

Зараз агульны каэфіцыэнт нараджальнасці на Гарадзеншчыне складае 12,6 праміле.

 

Гэты паказчык вылічваецца наступным чынам: колькасць дзяцей, якія нарадзіліся на працягу каляндарнага года, суадносяць з колькасцю насельніцтва і памнажаюць на 1000. У выніку атрымліваецца паказчык праміле.

 

Паводле прынятай у свеце класіфікацыі паказчык ад 10 да 15 праміле сведчыць пра нізкі агульны каэфіцыент нараджальнасці.

 

Прагнозы навукова-даследніцкага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі кажуць, што сёлета Гарадзеншчына будзе мець паказчык праміле на ўзроўні “удалага” 2013 г. (12,8 – найлепшы за апошнія пяць год), але затым нараджальнасць будзе падаць і складзе ў 2013 г. толькі 10,1 праміле.

Узровень ніжэй за 10 праміле будзе азначаль вельмі кепскі стан справаў з нараджальнасцю.

 

Скарачэнне колькасці насельніцтва – толькі адзін адмоўны бок “медаля”. Ёсць і іншы бок – таксама адмоўны.

 

Ужо сёння адзіныя тры “працанедастатковыя” раёны ў Беларусі (дзе доля працаздольнага насельніцтва складае менш за 45% насельніцтва), знаходзяцца на Гарадзеншчыне.

 

Да 2030 г. такіх раёнаў у нашай вобласці стане ўжо 10! Яшчэ ў чатырох раёнах прапорцыя працаздольных і непрацаздольных будзе прыкладна роўнай. 

 

На практыцы гэта азначае, што тым, хто працуе, з кожным годам давядзецца ўтрымоўваць усё большую колькасць непрацуючых. 

 

Сёння на 1000 працуючых беларусаў прыпадае 415 непрацуючых, але праз 15 год іх будзе ўжо 572, а на вёсцы – 845!

 

Ужо сёння ў многіх малых вёсках на Гарадзеншчыне засталіся жыць толькі сталыя людзі.

 

Праз пару дзесяцігоддзяў сітуацыя стане нашмат горшай. Яшчэ крыху – і большасць нашых вёсак ператворыцца ў помнікі археалогіі…

 

Фота аўтара