Першая Сусветная ў Гродне: горад быў стратэгічна важны і для расійцаў, і для немцаў
1 жніўня 1914 году пачалася І Сусветная вайна, якая ахапіла спачатку 8 краін свету, а ў яе канцы ў канфлікт былі ўцягнутыя 38 дзяржаў. Вайна назаўсёды змяніла геапалітычны клімат ва ўсім свеце. У савецкія часы яе называлі “імперыялістычнай” бо, сапраўды, ваенныя ліхалецці скасілі самыя магутныя імперыі свету: Аўстра-Вугорскую, Асманскую і Расійскую. Афіцыйным канцом вайны лічыцца 11 лістапада 1918 году. І Сусветная вайна забрала жыцці каля 9,5 млн чалавек, каля 20 млн былі параненыя.
Вайна наспявала доўгія годы, але каталізатарам для яе пачатку было забойства ў Сараеве эрцгерцага аўстрыйскага Франца Фердынанда, які быў застрэлены Гаўрылам Прынцыпам – сербскім нацыяналістам з радыкальнай арганізацыі “Чорная рука”, якую многія гісторыкі лічаць тэрарыстычнай. Забойства адбылося 28 чэрвеня 1914 году.
Аўстра-Вугерская імперыя адразу выдвінула Сербіі ўльтыматум аб сваім уласным раследванні забойства эрцгерцага, бо нібыта па іх версіі забойства было арганізавана ўрадам Сербіі. Сербія пагадзілася амаль на ўсе умовы, акрамя дазволу на дзейнасць аўстрыйскай паліцыі на тэрыторыі Сербіі. Гэта зусім незадавальнала аўстрыйцаў, да якіх у ваенны саюз на той момант ужо далучылася Германская дзяржава. 28 ліпеня Аўстра-Венгрыя аб’яўляе вайну Сербіі.
Расійская Імперыя, да якой належалі ў той час беларускія тэрыторыі, уступіла ў вайну толькі 1 жніўня. Менавіта таму многія сучасныя гісторыкі акрэсліваюць дадзеную дату пачаткам вайны для беларусаў, што не заўсёды можа быць правільным.
Гродна таксама быў уцягнуты ў гэты страшны канфлікт. У той час не толькі наш горад, але і ўсе землі сучаснай Беларусі былі ўжо больш як 100 год пад акупацыяй Расійскай Імперыі. Каб даведацца больш дакладна пра ваенныя падзеі І Сусветнай у Гродне і ваколіцах мы звярнуліся да спецыяліста ў галіне фартыфікацыі, даследчыка гісторыі І і ІІ Сусветных войнаў, гісторыка Дзмітрыя Люціка.
“Першыя немцы пад гарадзенскімі фартыфікацыйнымі збудаваннямі былі заўважаны 30 жніўня 1915 года, але гэта была толькі выведка. 31 жніўня немецкія вайсковыя фармаванні атакавалі гарадзенскія фартыфікацыя, якія на дадзены момант былі пераведзены ў разрад умацаваных франтавых пазіцый.
Абарону самога горада трымалі армія Генерала Літвінава і корпус генерала Бжазінскага, быў вялікі недахоп артылерыі – ўсяго 12 гармат, больш таго, некаторыя былі не зусім працаздольныя. Увогуле нямецкае кіраўніцтва лічыла, што Гродна – апошняя крэпасць Расійскай Імперыі”.
Санітарная машына ля ўваходу ў шпіталь Гродзенскай крэпасці. 1914
Не сакрэт для кожнага гарадзенца, што вакол горада ёсць фартыфікацыйныя збудаванні, якія выконвалі абарончую ролю. Вось што наконт абароны фартоў распавёў Дзмітрый:
“У перыяд з 31 жніўня па 1 верасня 1915 года ішлі баі за фарты, але моцна трымаўся і гераічна змагаўся толькі форт пад нумарам 3. Што тычыцца форта пад нумарам 4, дык там знаходзіліся жаўнеры без вопыту, пасля артылерыйскага абстрэлу гэтыя ваякі былі дэмаралізаваныя і нават адмаўляліся выходзіць з казематаў на баявыя пазіцыі.
Захопленыя 31-й германскай дывізіяй абозы ХХ корпуса ў Сапоцкіне. Люты 1915
1 верасня нямецкія войскі ўзялі цэлае фартыфікацыйные ўмацаванне. Дарэчы, дзякуючы лёгкай перамозе немецкіх жаўнераў над фартом пад нумарам 4, гэтае збудаванне засталося амаль некранутым і захавалася ў тым жа выглядзе да сённяшніх дзён.
У той жа дзень нямецкія вайсковыя фармаванні занялі тэрыторыю занёманскага фарштату, а адступаючыя расійскія вайскоўцы ўзарвалі мост, каб немцы не змаглі перайсці праз Нёман”.
Паўстае пытанне: калі ж немцы занялі асноўную частку горада?
“У ноч з 1 на 2 верасня нямецкія войскі фарсіравалі раку Нёман і занялі горад”, – адказвае Люцік.
Форт № III. Фатаграфія зроблена германцамі пасля заняцця форта. Верасень 1915 года
Варта адзначыць, што ў час баёў за Гродна быў знішчаны вакзал і губернатарскі палац (Палац Тызенгаўза), таксама была пашкоджана Фара Вітаўта.
Гісторык адзначае: “Але горад за восень 1915 года быў не толькі адбудаваны немцамі, але яшчэ яны і ўмацавалі збройна фартыфікацыйныя збудаванні”.
Люцік распавядае, што немцы вельмі доўга трымаліся ў нашым горадзе бо ён быў вельмі значны для іх: “Немцы пакінулі горад толькі ў красавіку 1919 года. Ім было важна не здаваць гарады на тэрыторыі захаду Беларусі, бо праз такі своеасаблівы “калідор” нямецкія войскі вывозілі каштоўныя рэчы і выводзілі свае фарміраванні з тэрыторыі Украіны”.
Форт 4, сучасны выгляд
Напрошваецца выснова, што наш горад быў стратэгічна важны не толькі для Расійскай Імперыі, але і для Германскай дзяржавы. Шкада толькі тых ахвяр, якія аддавалі свае жыцці ў той цяжкі час не на карысць сваёй айчыны, а дзеля мэтаў дзяржаў-акупантаў.
Першая ілюстрацыя: Штурм Гродна 2 верасня 1915 г. Нямецкая прапагандысцкая паштоўка