Чаму патаннелі аўтамабілі. Частка ІІ
У нядзелю на аўтарынку была меньшая колькасць і прадаўцоў аўтамабіляў, і жадаючых набыць машыну.
Ізноў шукаем людзей, якія добра разумеюць аўтабізнэс і могуць выказацца наконт пастаўленнага намі пытання наконт патанненняў аўто. На гэты раз пашчасціла трохі больш, бо суразмоўца быў знойдзены нашмат хутчэй, чым у суботу.
Чытай таксама: Перагоншчык аўто: Я ў гэтым “бізнэсе” каля 20 гадоў – такой сітуацыі не было ніколі
Мужчына гадоў за 30, прадставіўся Віктарам і на пытанне наконт патанненняў дарагіх і бюджэтных аўтамабіляў сказаў так: “Аўто не патаннелі, а спусціліся да рэальнага свайго кошту. Вы ведаеце колькі каштуюць машыны ў Еўропе, ЗША альбо той жа Расіі?
Праверце самыя папулярныя аўтасайты нашых суседзяў – Расіі і Літвы, адкуль больш за ўсё цягнуць аўтамабілі, ды параўнайце з нашымі коштамі і Вы зразумееце, што аўтамабіль гадоў так 10 у гэтых краінах лічыцца старым і танным, а ў нас 70% людзей ездзяць на такіх аўто. У нас яшчэ вельмі высокія кошты на машыны, бо гэта ўсё з-за нерэальна высокіх мытных пошлін на аўто.
Наконт патанненняў машын бізнэс-класу магу Вам сказаць, што той жа 15-гадовы BMW Х5 у той жа Літве альбо Расіі каштуе яшчэ менш, бо старая машына заўсёды шмат ламаецца, а вось запчасткі таннеюць нашмат меньшымі тэмпамі, чым аўтамабілі.
Такі Х5 будзе ламацца вельмі часта, запчасткі ў нас на іх вельмі дарагія. Да прыкладу: шклопад’ёмнік каштуе ад 50 і да 100 даляраў, у залежнасці ад таго, новы ён ці ўжываны, залежыць ад завода-вытворцы запчасткі і ад таго, хто Вам прадае запчастку. Думаю, што аўто, якія проста высмоктваюць грошы з гаспадара не толькі на паліва, але і на запчасткі, будуць таннець і далей”.
Правяраем версію суразмоўцы Віктара з дапамогай адных з самых папулярных аўтасайтаў Беларусі, Літвы і Расіі. Скарыстаўшыся ўжо нам вядомым “графікам коштаў” з av.by вылічваем сярэдні кошт 15-гадовага Х5 у Беларусі.
Затым параўноўваем з коштамі ў Літве з дапамогай сайту auto.plius.lt і самага крупнага расійскага аўтасайту auto.ru
Сапраўды, розніца ў коштах не малая. У Літве 15-гадовы BMW X5, які лічыцца аўтамабілем “бізнэс-класу” каштуе ў сярэднім каля 5000 еўра, а ў Расіі каля ў раёне 360 000 расійскіх рублёў у сярэднім, што ў пералік на еўра прыкладна састаўляе 5500 еўра.
Наступнымі нашымі суразмоўцамі былі Яўген і Андрэй – бацька і сын, якія разам займаюцца аўтабізнэсам.
На пытанне пра патанненне аўто яны адказвалі разам і спачатку іх аповед быў вельмі блізкі па ідэі да каментару нашага папярэдняга суразмоўцы, але потым Яўген зрабіў цікавую заўвагу: “Калі глядзіш аўто за мяжой, то трэба глядзець на аб’ём рухавіка, бо ў Расіі асабліва “аб’ёмныя” бензінавыя рухавікі, накшталт 3.5 бензін, альбо 4.4 бензін, у сярэднім на 2000-3000 тысячы танней, чым дызельныя рухавікі аб’ёму хаця бы 3.0 дызель, які часта сустракаецца ў Х5, бо ў дызельнага рухавіка расход паліва не такі вялікі.
Таксама трэба ўлічваць і такія тонкасці пры пакупцы аўто за мяжой, як мытная пошліна. З Расіі аўто можна купляць без яе, але не кожны адважыцца паехаць за машынай у Расію, бо вельмі часта здараліся выпадкі, калі чалавек купляў сабе там транспарт, а потым меў вялікія праблемы альбо з дакументацыяй, альбо з тэхнічнага боку аўтамабіля. Вельмі шмат аферыстаў там.
А вось калі ты жадаеш купіць машыну ў Еўропе напрыклад, то і там таксама ёсць свае “падводныя камяні”. Каб не плаціць яшчэ большую пошліну на мытні, а яна бывае нават даражэй, чым сам аўто, то трэба выбіраць сабе транспарт не маладзейшы за 3 гады і не старэйшы за 5 год, ды каб рухавік быў яшчэ аб’ёмам не больш за 1,5 “кубікаў” (1500 сантыметраў кубічных). Тады заплаціш пошліну каля 3300-3400 даляраў. Зараз гэта самы найлепшы і эканомны варыянт”.
Са слоў нашых суразмоўцаў і ў суботу, і ў нядзелю так атрымліваецца, што беларускія аўтааматары трапілі ў своеасаблівую коштавую “пастку” і на гэты конт дадае некалькі слоў Андрэй: “Вельмі слаба зараз беларусы купляюць машыны, аўтарынкі амаль пустыя, асабліва рэгіянальныя. На сталічных аўтарынках яшчэ ёсць шанец прадаць машыну, але ў нас нашмат цяжэй.
Будуць людзі ездзіць на сваіх “старых карчах” і толькі рамантаваць іх, каб можна было сябе вазіць. За тыя грошы, якія пааддавалі яны калісьці за свае машыны, зараз прадаць аўто нерэальна”.
Нарэшце атрымалася зразумець усе прычыны патанненя аўтамабіляў. А звычайным беларускім аўтааматарам зараз застаецца толькі чакаць, ці зменяцца абставіны на беларускім аўтарынку ў больш прыязны бок для кожнага.