Самы “праваслаўны” кот Беларусі жыве ў Гродне
Настаяцельніца жаночага манастыра Раства Багародзіцы матушка Гаўрыіла (Глухава) у Гродне ці не самы публічны прадстаўнік царкоўнай іерархіі. Яе часта можна ўбачыць на афіцыйных гарадскіх мерапрыемствах, нават на трыбуне падчас парадаў, а таксама на старонках “Гродзенскай праўды”. У часы адыёзнага губернатара Саўчанкі казалі нават пра “клуб сяброў” матушкі з ліку дырэктараў і начальнікаў, якія заходзілі ў манастыр “на гарбату”.
Пытанне пра манастырскага гадаванца ўпершыню паўстала ў гарадзенцаў у 2008 годзе пасля з’яўлення ў продажы марозіва “Пушок” з выявай белага пухнатага ката і подпісам “…по Благославению патриаршего Экзарха всея Беларуси, Высокопреосвященнейшего Митрополита Минского и Слуцкого Филарета”.
Тады ў СМІ і пачаліся спрэчкі: чый гэта кот — дырэктара фабрыкі або нават самога мітрапаліта Філарэта?..
Усё аказалася прасцей і складаней адначасова: Пушок — любімы кот ігуменні Гаўрыілы, а паколькі матушка шчыльна сябруе з гарадскім кіраўніцтвам, у тым ліку дырэктарамі прадпрыемстваў, падобная экстравагантная прапанова з яе боку, хутчэй за ўсё, знайшла водгук у сэрцах кіраўнікоў фабрыкі “Молочный мир”, якая выпусціла марозіва…
Выпадак з марозівам мог бы падацца выпадковасцю, калі б Пушок па незразумелых мірскому чалавеку прычынах не прысутнічаў у публічным жыцці манастыра ўвесь час
Пушка фатаграфуюць для манастырскіх паштовак,
Пушок ляжыць перад манашкамі на калектыўным фота (на якім падпісаныя толькі матушка і кот, імёнаў манашак няма),
у манастыры частуюць гасцей марозівам “Пушок”…
У 2010 годзе Горадню з гастролямі наведваў Юры Куклачоў, які …таксама не абмінуў мажлівасці сустрэцца з Пушком. Пра гэта афіцыйная газета напісала ў рубрыцы з суворым назовам “ЖЫЦЦЁ”, хоць больш дарэчным, падаецца, было б апублікаваць разам са свецкай хронікай.
Як піша газета, дрэсіроўшчыка настаяцельніца запрасіла на “духовное общение”, дадаўшы, што на такіх сустрэчах Пушок прысутнічае ледзьве не ў абавязковым парадку(!). Напрыканцы сустрэчы Куклачова, канешне ж, пачаставалі знакамітым марозівам.
“Ёсць, канешне, манастыры, дзе асабліва ставяцца да катоў, — распавядае святар а. Аляксандр Шрамко. — Напрыклад св. Міколы на Кіпры або Аляксееўская абіцель (Угліч, Расія). Але гэта іншае, там няма культа нейкага ката-генерала, наўпрост ратуюць беспрытульных жывёлінаў…”
“Дарэчы, калі выпускалася марозіва з подпісам пра блаславенне, я таксама звяртаўся ў епархію, бо лічу, што гэта дыскрэдытуе Царкву”, — выказаў меркаванне а. Аляксандр Шрамко.
Цікава, што марозіва “Пушок” у гарадзенскіх крамах прадаецца і дагэтуль, але ўжо без усялякіх блаславенняў. Мажліва, новы мітрапаліт наўпрост не аматар салодкага…