Кароткая гісторыя гарадзенскай чыгункі (+ старыя фота)
У незалежнай Беларусі свята было зацверджана указам прэзідэнта ад 15 ліпеня 1995 № 276 “Аб устанаўленні свята – Дня чыгуначніка”.
Першыя ўзгадкі пра чыгунку ў Гродне можна знайсці ў цыркуляры аб “Сооружении С. Петербурго-Варшавской железной дороги” 1 сакавіка 1852 года. На гэтай чыгуначнай лініі таксама значыўся горад Гродна. А вось дзейнічаць станцыя “Гродна” пачала з 15 снежня 1862 года.
Чытайце таксама:
Вандроўка па даўнім Гродне. Частка І: чыгуначны вакзал
Варта адзначыць, што ноччу 2 сакавіка 1863 года тут адбыўся бой паміж расійскімі салдатамі і паўстанцамі, якія хацелі прарвацца на цягніку з Гродна ў Парэчча, каб там аб’яднацца з іншым атрадам. Спроба была марнай, шмат паўстанцаў было арыштавана, частка загінула, і толькі невялічкай купцы людзей атрымалася выехаць за межы горада.
Першы пасажырскі цягнік на нашай станцыі быў уведзены толькі ў снежні 1868 года. А падчас Першай Сусветнай вайны вакзал быў цалкам знішчаны, але пазней адноўлены. Толькі ў 1986 годзе быў пабудаваны новы будынак вакзала, яшчэ некаторы час стары і новы вакзалы стаялі побач. У 2013 годзе пачалася чарговая рэканструкцыя вакзала, якая павінна канчаткова скончыцца ў гэтым годзе.
Паравы рухавік стварылі падчас прамысловага перавароту ў XVIII-пачатку ХІХ стст. Першы ўдалы прататып быў запушчаны ў Англіі ў 1802 годзе, але “машына” ехала з хуткасцю ўсяго 10 км/г, а сваім “пыхканнем” і грукатам пужала мінакоў. Першы прататып сучаснага цягніка быў створаны ў 1804 годзе таксама ў Англіі, а ранейшыя драўляныя рэйкі замянілі на чыгуначны матэрыял.
Многія аўтарытэтныя гісторыкі лічаць, што паравы рухавік быў прыдуманы яшчэ ў старажытнай Грэцыі, але ідэя была адкінутая, з прычыны таго, што рабы застануцца без працы.