Яшчэ вышэй з Pixar
Стары Фрыдрыксэн у дзяцінстве марыў пра далёкія падарожжы і неадкрытыя землі. Аднак час падарыў яму толькі болі ў суставах і сівыя валасы. Вадапад Анхель, куды ён так хацеў трапіць з жонкай, так і застаўся ў марах. Але калі ты – стары трухлявы пень, твой дом збіраюцца зруўнаваць паводле генплану, а цябе – схаваць у дом састарэлых, можа час выправіцца ў падарожжа? Губляць і так не засталося чаго.
Такім стужкам як «Уверх», па вялікім рахунку, не патрэбная ніякая рэклама. Адно імя студыі Pixar робіць усё тое ж, што каманда рэкламшчыкаў, толькі лепш. Калі вы яшчэ не зразумелі – «Уверх» гэта фільм з катэгорыі must see. У ім ёсць усё тое, што рабіла папярэднія анімацыі гэтай студыі стоадсоткавымі хітамі – як сярод дзяцей, так і паміж дарослых. Цікавая і нештодзённая гісторыя пра лятаючы (на паветраных шарыках!) дом – з падобных ідэй узгадваецца толькі «Джэймс і гіганцкі персік», героі якога пэўны час лёталі акурат на персіку. Кранальная дабрыня і цеплыня, з адначасовай прысутнасцю ў сюжэце злачынцы, каб гісторыя не страціла дынамікі і не стала занадта інфантыльнай. Прыгажосць анімацыі, у чым Pixar – безумоўны лідэр (хто гэта ціха і нясмела шапнуў «Дрымворкс» ці «Шрэк»?). Разнастайны гумар, які не скончваецца толькі на простых гэгах камічных персанажаў. Да ўсяго гэтага, пахваліць выпадае даволі добрую расійскую агучку – могуць жа, калі захочуць!
Акрамя таго, стужка закранае важныя і складаныя не толькі для дзіцяці тэмы старасці, сяброўства і дапамогі састарэлым людзям, здзяйснення сваіх мараў і таго, што за гэта ніколі не позна ўзяцца. Быць можа, пасля прагляду нехта ўсё ж кіне на хвіліну руціну ды рване, без папярэджання, з каханым чалавекам, на пяскі Сэйшэлаў, каменні Прагі, ці, на худы канец, балоты радзімы – абы толькі змяніць абстаноўку. Тады праца аніматараў Pixar будзе выкананая цалкам.
Апошнія тры гады Pixar выдае фільмы адзін лепшы за другі: Рататуй, Валл-І, Уверх. Не дзіва, што ім знайшлося месца ў Канах.
Фільм: Уверх! / Up!, ЗША, 2009 г., 96 хв.
Сцэнарый і рэжысура: Піт Доктэр і Боб Пэтэрсан
Жанр: анімацыя
Прыватная ацэнка: 9/10