Морг – месца прэстыжнае

|

Дзякуй Богу не часта даводзіцца бываць у бальніцах ды паліклінніках, але нядаўна прыйшлося. Запісвацца на стацыянар хадзіў ажно тры разы. У панядзелак прыйшоў збыт позна, на наступны дзень забыў ваенны білет з адтэрмінаваннем, запісалі толькі ў сераду. У кожны з гэтых трох дзён, у калідоры на запіс чакалі каля дзесяці чалавек. Пры чым колькасць пацыентаў на працягу некалькі гадзін не змяншалася. Адных адводзілі ў палаты, іншыя займалі іхнія месцы. Бальніца разлічана прыкладна на паўтары тысячы месцаў і штодня дзесяткі чалавек выпісваюцца з яе, каб звольніць месца наступным.

 

Калі пацыент прызыўнога ўзросту збіраецца легчы на аперацыю кожны ўрач лічыць сваім абавязкам хітра прыжмурыўшы вочы спытаць: «Косіш?». Атрымаўшы адмоўны адказ, яны чамусьці крыўдзяцца і хутка выпісваюць накіраванне. Разам з дзесяткам аналізаў, даведак, накіраваннем і ваенным білетам вы ідзеце ў бальніцу. Калі вам, як мне, ва ўралагічнае, ці, не дай Божа, траўматалагічнае аддзяленне, то прыдзецца крышку пачакаць свайго ўрача. З клопатамі такога роду, найбольш людзей звяртаецца ў бальніцы.

 

Са мной у палаце ляжала яшчэ шэсць чалавек – усе яны мелі камні ў нырках. Гэта былі два хлопцы пасля каледжу ўпэўненыя, што пасля бальніцы войска іх не дачакаецца. Будучы медбрат Андрэй, нейкі дзядуля, што ўвесь час маўчаў і ні з кім не хацеў размаўляць і яшчэ два мужчыны, што часамі лезлі на сцены ад болю. Адзін з іх, атрымаўшы дзённую дозу абязбольваючага, штодня збягаў з бальніцы на працу, да самага вечару.

 

Аперацыю мне зрабілі вельмі хутка, – праз гадзіну, пасля запісу ўжо адыходзіў ад наркозу. Тут жа прыбегла сястра з гродзенскай дыяцэзыі. Прапанавала схадзіць на святую мшу, але ў той час мне здавалася, што ўжо ніколі не змагу хадзіць. Прасякнуўшыся спачуваннем сястра запрапанавала мне схадзіць на споведзь, але і ад гэтага я ветліва адмовіўся – калі спавядацца, то ўжо перад аперацыяй. А ўвогуле, сёстры дапамагаюць бяздомным і цяжка хворым.

 

Урачы ў бальніцы страшна спакойныя і ветлівыя. Добра тлумачаць асаблівасці вашай хваробы і адкажуць на ўсе пытанні. Медсёстры і медбраты наадварот, увесь час кудысьці спяшаюцца, часам блытаюць уколы. Андрэй тлумачыць гэта вельмі проста: «А што? Яны, ну і я хутка так буду, працуюць тут за трыста тысяч. Чаго тут радавацца? У паловы ёсць другая праца, куды яны баяцца спазніцца. Дзеля чаго быць ветлівым? За гэта больш плаціць не будуць.” А самым прэстыжным месцам працы выпускнікоў медычных вучылішчаў са слоў Андрэя лічыцца…морг. «Бо там і спакайней і працы не так шмат папяровай і плацяць маладому спецыялісту ў два разы больш, чым тут. Але трапіць туды нерэальна. Толькі калі хто на пенсію пойдзе».

 

Выпісаўшыся з бальніцы, я мусіў колькі разоў схадзіць на перавязку ў сваю паліклініку. Сястра здзівіла навіной пра тое, што ў іх скончыўся спірт. Гэта было ў панядзелак раніцай. Спірт не з’явіўся ажно да серады. Добра, што ёсць «зялёнка».

 

Паважаныя чытачы, не хварэйце і не зялёныя будзеце!