Прафесійнае вока фотамастака патрапляе заўважыць у звыклых прадметах і краявідах новыя рысы, прымушае з уважлівасцю спыняцца ля кожнага яго твору (гэтае слова ў дадзеным выпадку больш пасуе да выстаўленых прац, чым слова “фатаграфія”).
Асабліва глыбокае эстэтычнае ўражанне робіць прагляд гэтай выставы ў суправаджэнні мелодыі паланэзу М.К.Агінскага “Развітанне з Радзімай”. Тым больш, што Віталь знаходзіць удалыя спосабы, каб перадаць гледачу сваё захапленне сядзібай – выкарыстоўвае спецыяльныя прыёмы фатаграфавання, усё новыя ракурсы.
Вобраз, створаны пры дапамозе фотаапарата, з’яўляецца ў яго толькі асновай для далейшай працы і стварэння закончанага мастацкага твору. Здымкі здзіўляюць сваёй дэталёвасцю і дабрынёй… Чаго варты толькі адзін лірычны прыём – “Позірк на затуманены палац Міхала Клеафаса праз зялёную галінку веснавога дрэва”!
Віталь Раковіч – пераможца і прызёр многіх беларускіх і міжнародных конкурсаў, арганізатар фатаграфічных мерапрыемстваў, член праўлення Саюза фотамастакоў Беларусі і ўдзельнік беларускага мастацкага аб’яднання “Фотамастацтва”.
Яго працы захоўваюцца ў калекцыях Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, Дамах Беларусі ў Варшаве і Маскве. Некалькі прац з прапанаванай цяпер Залессю выставы паедуць сёлета ў Парыж падчас святкавання 250-годдзя з дня нараджэння Агінскага.
За апошнія гады Віталь Раковіч сабраў вялікую колькасць унікальных фотаматэрыялаў па палацава-замкавай і храмавай архітэктуры Беларусі, сярод яго напрацовак – шыкоўны фотаальбом “Кніга касцёлаў Беларусі” і турыстычныя пуцевадзіцелі па гістарычных мясцінах Беларусі, у тым ліку і па залескай сядзібе.
Музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага, паводле задумы яго стваральнікаў, павінна ў канчатковым выніку зрабіцца цэнтрам прыцягнення творчых і мастацкіх сіл цэлай краіны, іх кантактавання, абмену творчымі ідэямі, павінна натхняць на служэнне прыгожаму.
Добрай прыкметай з’яўляецца тое, што на гэты заклік першымі адгукаюцца мінчане. Іх сувязі, меркаванні дазволяць хутчэй шырыць добрую славу Залесся як прытулку муз і натхнення, прынясуць шмат новых творчых рэфлексій на тэму Агінскага, а тым самым і дапамогуць лепш высвеціць асобу геніяльнага стваральніка бессмяротнага паланэза. Спадзяёмся, што за “першымі ластаўкамі” прыляцяць і другія.