Гістарычны будынкі ў цэнтры Гродна “падрастаюць”

Здаецца, мы ўжо прайшлі стадыю татальнага недахопу жылплошчы, бо дабудоўваліся паверхі галоўным чынам у 50-х – 60-х гг. ХХ стагоддзя, але цяпер свае ўмовы дыктуе бізнес. Больш паверхаў – больш плошчы – больш грошай за арэнду. Самай бяскрыўднай версіяй такой дабудовы з’яўляецца, напрыклад, будынак па вуліцы Будзёнага каля польскага консульства.

 

Будынак на вул. Будзёнага ў 2013 годзе.


Той самы будынак  у 2015.


З улікам таго, што гістарычнай забудовы на Будзёнага пасля апошніх рэканструкцый амаль не засталося, ўжо не так прынцыпова, колькі  паверхаў будзе мець будынак – два ці тры.

 

Намнога больш сумны прыклад – былы дом пісьменніцы Зоф’і Налкоўскай па вуліцы Акадэмічнай.

 

Домік пісьменніцы З. Налкоўскай быў прыгожы акурат сваёй мініяцюрнасццю. 

 

З санкцыі і ўзгаднення чыноўнікаў Міністэрства культуры ў мадэрновым будынку пачатку ХХ стагоддзя з’явіўся яшчэ адзін, а фактычна два паверхі. Чаму два? Бо паддахавы карніз дома ссунуты празмерна ўверх і сам дах пачынаецца не адразу над вокнамі, а яшчэ на добрыя паўтара метры вышэй.

 

Сёння домік  Налкоўскай большы акурат не на адзін, а на “паўтара” паверхі

 

Такім чынам, з’явіўся паўнаватрасны манстардны чацверты паверх з адпаведнымі плошчамі. Такі выгляд будынка не толькі робіць яго занадта высокім для гістарычнага цэнтра, але і дысануе з ніжэйшымі ярусамі дома – каму можа падабацца шырокая паверхня без вокнаў паміж трэцім паверхам і дахам?

 

Развіць гэтую тэму можна на прыкладзе былога аднапавярховага будынка на куце вуліц Карла Маркса і Маладзёжнай. Тут аднапавярховы будынак паспяхова стаў двухпавярховым.

 

У “Гродзенскай праўдзе” быў нават надрукаваны праект – як будзе выглядаць новы будынак. Выгляд абнадзейваў – бо на праекце нічога не дысанавала з наваколлем. Вокны другога паверха былі нават меншыя за вокны першага паверха, а карніз дома раўняўся на карніз суседняга будынка. Дах таксама выглядаў традыцыйна.

 

А што выйшла насамрэч? Будынак на 1,5 метры вышэйшы за праект з “Гродзенскай праўды” і істотна такі прыкрые званніцу касцёла брыгітак, калі яе некалі збяруцца адбудоўваць.

 

 

 Да 1960-х гг. перспектыва вуліцы Карла Маркса замыкалася былой званніцай касцёла брыгідак. Калі ж яе аднавіць сёння, то амаль да верхняга яруса від на яе будзе закрыты новым домам

 

 

 

Няма сумневу, што і гэты праект міністэрства культуры ўзгадніла, але нашто тады друкаваць прыгожы эксіз, а пасля будаваць нешта зусім іншае?! Усё ж такі паміж ілюстрацыяй з газеты і вынікам розніца больш чым істотная.

 

Рэальна ўзведзены дом і яго вышыня, якая павінна была быць у адпаведнасці з апублікаваным у “Гродзенскай праўдзе” праектам.

 

 

Такое “падрастанне” старых будынкаў прывядзе да таго, што хутка нікога не будуць турбаваць і пяць і шэсць паверхаў у гістарычным цэнтры.