Чаму пустуюць гарадзенскія набярэжныя

|

Эпоха рэканструкцый прайшла па набярэжных Гродна ў 2006 – 2012 гг. Пачалася яна з вырубання ліпавай алеі недалёка ад карчмы “У прычала”. Тады рыхтаваўся чарговы фестываль нацыянальных культур, і дрэвы заміналі тысячам гледачоў назіраць дзіўнае начное відовішча, названае светагукавым шоу.

 

А ў 2012 годзе нарэшце былі знойдзеныя сродкі на пабудову прыстойнай лесвіцы да Каложы – не толькі з бетону і жалеза, але і з дадаткам граніту ды іншых даўгавечных матэрыялаў. Адным словам, горад атрымаў магутныя набярэжныя – на правым беразе ад пляжа каля чыгуначнага маста да Новага маста і амаль такую ж доўгую вуліцу Леванабярэжную.

 

Але вечарамі тлумаў гродзенцаў ды гасцей горада тут не пабачыш. Усе “тусуюцца” на Савецкай вуліцы ды ў Парку Жылібера. Хаця такімі бульварамі, як гродзенскія над Нёманам, далёка не кожны горад можа пахваліцца. Нядаўна, напрыклад, адкрылі пасля рэканструкцыі надвіслянскія бульвары ў Варшаве – яны адразу сталі ўлюбёным месцам для адпачываючых. Што ж трэба, на нашу думку, зрабіць у Гродне, каб гродзенцы рушылі да Нёмана ў цэнтр горада.

 

Першае – элементарнае добраупарадкаванне. Упарадкаванай цяпер можна назваць толькі правую набярэжную Нёмана ад Інстытута правазнаўства да Каложы. За Каложай заканчваецца не тое што тратуарная плітка, але нават звычайны асфальт. Колькі гадоў гэтай праблеме, і кожны раз чуецца ў адказ – няма сродкаў. Ды і не трэба шукаць сродкаў на глабальнае выкладанне ўсяго берагу шэрай плітка – проста трэба пакласці асфальт, паставіць некалькі лавак і прывесці ў парадак зробленую яшчэ палякамі набярэжную. Ужо будзе ўражанне, што вуліца Рыбацкая – гэта цэнтр абласнога горада, а не бераг ракі недзе пад Любчай.

Вуліца Рыбацкая сёння выглядае прыкладна так, як да рэканструкцыі ў 1930-х гг.


Па-другое – трэба падумаць пра аднаўленне зеляніны на набярэжных горада, бо менавіта за кошт іх яшчэ ў пачатку 2000-х гг. наднёманскія ўзгоркі здаваліся такімі зялёнымі і маляўнічымі. Хутка дзесяць гадоў, як перабудавалі Стары Мост і ягоныя ваколіцы, а дрэваў на набярэжных так і не пасадзілі (на загалоўным здымку – менш дзесяці гадоў таму набярэжныя Гродна былі цалкам зялёныя).

 

Па-трэцяе – патрэбна комплексная адбудова страчаных раней кварталаў каля Нёмана. Чаму ў ваколіцах Новага Замка ды драмтэатра павінны быць толькі карчма “У прычала” ды адзін офісны будынак? Самы час узяць у рукі старыя фота ды планы, зрабіць адпаведны праект ды аддаць гэты раён пад забудову. Хай тут з’явяцца новыя офісныя будынкі, рэстараны, вуліцы ды завулкі. Тое самае можна сказаць і пра пэўны абшар каля гарадскога пляжа.

Падол паміж піўзаводам і Новым замкам, 1920-я гг. Сёння тут толькі карчма “У прычала”

 

Па-чацвертае – набярэжным трэба больш “фішак”, за якія маглі б зачапіцца экскурсаводы, што цікава было б пайсці ды паглядзець. Напрыклад, каля францішканскага касцёла ёсць добрая пляцоўка для транспарту, але апрача самога касцёла няма чаго глядзець. Між тым, каля маста над вуліцай Гарнавых у самым пачатку вуліцы Дарвіна можна паставіць шыльды з выявамі гравюр Адэльгаўзэра ды Макоўскага і забяспечыць адпаведнымі каментарамі.

 

Або чаму не добраўпарадкаваць крынічкі на Леванабярэжнай і цудоўную рошчу вакол іх? У выніку з’явіцца цудоўная аглядная пляцоўка, дзе выдатна спалучацца стары і сучасны Гродна.

 

Варта таксама сур’ёзна разгледзець перспектыву будаўніцтва пешаходнага маста праз Нёман там, дзе ён стаяў у сярэднявеччы і ў 2007 – 2008 гг. Толькі ён павінен быць над самай вадой, каб можна было паглядзець на хвалі ў святле ліхтароў.

 

Пустэча вакол былога піўзавода ды поўная адсутнасць інфраструктуры на Дарвіна, хаця менавіта адсюль горад выглядае найпрыгажэй


Не так і шмат, задецца, але патрэбен комплексны паход, чаго акурат нам і не хапае, асабліва ў пытаннях аднаўлення гарадскога абшару.