Прадпрымальнік з Астраўца: Я ўласным прыкладам папулярызую беларускую мову

|

Сама крама размешчана ў гандлёвым цэнтры “Талер” на першым паверсе. Адразу, ячшэ на падыходзе, уражвае вельмі вялікая шыльда “Піўны Гетман” – менавіта так называецца новая крама. Адчыніўшы дзверы, адразу чуем знаёмыя словы і мелодыю – Стары Ольса. За прылаўкам знаходзіцца малады высокі мужчына – Аляксей Пятровіч, гаспадар крамы.

 

– Працаваць пачалі зусім нядаўна, якраз сёння спаўняецца месяц з моманту адкрыцця, – павітаўшыся, пачаў расказваць прадпрымальнік.

 

– Вельмі цікавая назва ў крамы – “Піўны Гетман”, адкуль з’явілася ідэя?


– Калі трэба было прыдумаць назву крамы, то я закінуў у Фэйсбук некалькі варыянтаў і прапанаваў людзям прагаласаваць: назва, якая набрала больш за ўсё галасоў, перамагла.

 

– Адразу, калі заходзіш у краму, чуць беларускую музыку. Уразіла, што і размаўляюць з кліентамі па-беларуску, і ўсе шыльды і надпісы тут па-беларуску. Адкуль узнікла ідэя зрабіць беларускамоўную краму?


– Я люблю нашу краіну і лічу, што беларуская мова і нацыянальная культура павінна заняць сваё законнае месца ў грамадстве. Многія шмат чаго гавораць на гэты конт, а я вырашыў зрабіць і паказаць уласным прыкладам, як можна праводзіць папулярызацыю нацыянальных каштоўнасцей сярод грамадства. Тым больш у нас прадукцыя пераважна беларуская – падтрымліваю айчыннага вытворцу.

 

– Заўважылі, што некаторым кліентам робіцца зніжка ў 10 %, гэта для беларускамоўных?

 

– Не зусім. Я яшчэ з’яўляюся адным з арганізатараў “МоваНанова” у Астраўцы, таму вырашана было рабіць студэнтам курсаў зніжку. 

 

–  Якія планы на будучыню?

 

– У нас тут ёсць свабодная прастора, пастаўлю ў гэтым месцы драўляныя сталы і лавы – будзе паралельна з крамай спартовы бар. Я лічу, што зараз нашаму грамадству патрэбна фізічнае развіццё, трэба быць моцным і целам, і духам.

 

– Працаваць у краме цяжка?

 

– Цяжкавата, асабліва пасля 17 гадзін, калі ўсе вяртаюцца з працы – шмат наведвальнікаў, ледзь паспяваеш абслугоўваць усіх кліентаў. Але я працую са сваім сябрам Пятром, можа яшчэ далучыцца да нас яшчэ адна супрацоўніца, то будзе лягчэй. 

 

Вельмі прыемна, што ў невялічкіх гарадках нашай краіны з’яўляюцца такія людзі, якія займаюцца не толькі бізнэсам, але і папулярызацыяй нацыянальных каштоўнасцей, прычым сваім уласным прыкладам.