Прывіды крызісу: Гарадзенцы скупілі амаль усю валюту ў абменніках
Пачалі наш абход з пункту абмену валют “Беларусбанка” на Чыгуначным вакзале.
– Добры дзень, а ці можна купіць 100 даляраў ЗША?
– Добры дзень, столькі не будзе, ёсць толькі 16 даляраў.
– А Еўра ёсць?
– Так, але ўсяго 65 еўра.
– А якая валюта яшчэ ёсць?
– Злотыя і расійскія рублі, іх шмат, колькі Вам трэба?
– Дзякуй, але мне трэба толькі даляры.
Далейшым пунктам стаў абменнік у гасцёўне “Гродна”.
– Добры дзень, скажыце, а даляры ЗША ёсць?
– Добры, а колькі Вам трэба?
– Мінімум 100.
– Толькі 60 ёсць.
– А 100 еўра будзе?
– Не, толькі 45, браць будзеце?
– Дзякуй, не трэба.
У абменным пункце на рынку па вул. Паповіча адбыўся практычна такой жа дыялог. У абменніку ў “Алмі” па вул. Савецкіх Памежнікаў – тая ж праблема. Але ўдалося трошкі паразмаўляць з касірам:
– Яшчэ два дні таму былі вялікія чэргі, як толькі курс пачаў варушыцца, а зараз усю валюту выграблі, вось і чэргі зніклі, бо наш абменны пункт амаль не мае замежная валюты.
Мы вырашылі змяніць тактыку – паспрабаваць не купіць валюту, а памяняць 20 даляраў са 100. “Беларусбанк” па вул. Кастрычніцкая:
– Добры дзень, памяняйце калі ласка 20 даляраў са 100.
– Дзень добры, зараз пагляджу, ці ёсць рэшта… Магу памяняць толькі 50 (паказвае дзве купюры па 20 і адну па 10 даляраў ЗША).
– Не, дзякуй.
Гандлёвы цэнтр “Фламінга” на Фолюшы, абменны пункт “Белінвестбанку” на 1 паверсе:
– Памяняйце калі ласка 20 даляраў са 100.
– Няма рэшты, у касе толькі 35 даляраў ЗША, будзеце мяняць?
– Не, да пабачэння.
Мужчына, які стаяў ззаду ў чарзе, нечакана выдаў: “Вы лепей схадзіце на міні-рынак які і паспытайце ў гандляроў, я менавіта так і змог памяняць учора 50 са 100, бо ў абменніках не было рэшты”.
Чуткі ўсё ж такі спраўдзіліся: гарадзенцы за некалькі дзён выкупілі амаль усю замежную валюту ў абменных пунктах горада.
На таргах на Беларускай валютна-фондавай біржы 21 жніўня курсы даляра і еўра пабілі чарговыя рэкорды: курс даляра вырас на 232 рублі або 1,40% да 16730 рублёў, курс еўра вырас на 499 рублёў або 2,72% да 18837 рублёў.