Развіццё рок-руху на Гарадзеншчыне: Польскае радыё супраць Хэві-метал
Лекцыя пачалася здалёк. Спачатку Юрый паспрабаваў патлумачыць, як уплываюць культурныя асаблівасці народаў на фармаванне музыкі, чаму на Захадзе рок з’явіўся раней чым у нас і чым адрозніваецца беларуская рок-культура ад сусветнай.
Ва ўмовах ізаляцыі СССР ад навакольнага свету ў гарадзенцыў была ўнікальная магчымасць слухаць папулярныя рок-кампазыцыі праз польскае радыё. Хутка адбыўся падзел паміж аматарамі рок-музыкі на прыхільнікаў польскай музыкі, кшталту Lady Pank, і тых, хто аддаваў перавагу цяжкаму металу. Паміж гэтымі групоўкамі часта адбываліся сутычкі:
-Ідзе кампанія ў чырвона-белых майках з лагатыпам “Радыё Польска”, а ім насустрач ідуць хлопцы ў майках “Heavy metal Rock”. Убачаць адзін аднаго – адразу пачынаецца бойка, – расказвае Юрый.
Тым не менш, рок-музыка нараджала не толькі сутычкі і разбітыя насы, але і творчасць. Хлопцы ўзбраяліся гітарамі, збіраліся ў гурты і гралі заходнія хіты на танцпляцоўцы ў сучасным парку Жылібера. Тады з’явілася шмат талентавітых музыкаў і сапраўды добрых гуртоў (SideOff, Seven B, Театр, Контур, Seven-Heaven), якія выконвалі чужыя песні на прафесійным узроўні, але практычна не мелі сваіх уласных. А калі рабілі штосьці сваё, то займаліся толькі перайманнем. З гэтай тэзай некаторыя слухачы не пагадзіліся.
Адно з галоўных адрозненняў беларускіх гуртоў ад заходніх – іх некамерцыйнасць. Калі ў кожнага папулярнага заходняга гурта быў прадусар, нашым музыкам даводзілася працаваць і зарабляць на жыццё яшчэ чымсці, акрамя музыкі. Гэта не давала дадатковага стымулу для развіцця, і ў выніку максімум, чаго дасягалі гарадзенскія музыкі, – ўдзел у фэстах блізкага замежжа (Расеі, Польшчы).
Гістарычны аўторак у “Краме Ц”: гарадзенскі рок-рух ад 60-х да 90-х