Ужо не першы год у Зэльве “Ганненскі кірмаш” збірае зэльвенцаў і многіх іншых жыхароў Гарадзеншчыны, каб адпачыць, павесяліцца, нагадаць той час, калі Зэльва славілася сваім “Ганненскім кірмашом”. Як сведчыць гісторыя, менавіта дзякуючы кірмашу Зэльва была вядома ўсяму свету яшчэ ў XVIII стагоддзі. Тагачасныя зэльвенскія кірмашы былі аднымі з буйнейшых у Еўропе і саступалі па сваёй значнасці толькі знакамітым лейпцыгскім.
З 2001 года “Ганненскі кірмаш” у Зэльве атрымаў новае дыханне. Раённае свята стала адным з самых масавых і жаданых для жыхароў і гасцей Зэльвеншчыны. І сёлета свята пачалося ў цэнтры Зэльвы. Пасля ўрачыстага адкрыцця яно праходзіла на цэнтральнай плошчы пасёлка. А потым кірмаш радаваў і здзіўляў зэльвенцаў і гасцей раённага цэнтра эстраднымі выступленнямі Уладзіміра Ухцінскага, Гарэм-шоу, Іскуі Абалян.
Паралельна праходзілі конкурсы на лепшае ўпрыгожванне балконаў, на лепшую працу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, на самае цікавае фота, на лепшы падворак і лепшую павозку. А ў цэнтральным скверы ўсе жадаючыя змаглі наведаць кірмаш рамёстваў, “Горад майстроў”, выставу коней, кірмашовыя атракцыёны, пабачыць выступленне народнага ансамбля “Калаж”, танцавальных калектываў з Зэльвы, тэатр звяроў “ФаСонШоу”.
А пад раніцу ў нядзелю, у якасці заключнага акорда, удзельнікі кірмашу былі ў захапленні ад вогненнага і пеніста-лазернага шоу, а таксама змаглі патаньчыць сучасныя танцы, вальсы і мазуркі.