ПРА ЭФІЁПСКУЮ ФАСОЛЮ І СКАРАЧЭННЕ ІМПАРТУ
Кантралюючым ворганам пастаўлена задача бліжэйшым часам прыкласьці намаганні дзеля максымальнага скарачэння імпарту на тэрыторыі вобласці. Кожнае гандлёвае прадпрыемства атрымала жорсткія квоты на продаж прадукцыі мясцовых вытворцаў і пад пагрозай пазбаўлення ліцэнзіі павінна выконваць даведзеныя паказчыкі.
Можа таму і з’яўляюцца такія дзівоснасці, як паказана на здымку: эфіёпская фасоля, расфасаваная на Гродзенскім вытворча-гандлёвым філіяле. У выніку не зразумела, чыя гэтая фасоля – эфіёпская ці беларуская. І ўвогуле, чаму мы з Эфіёпіі імпартуем фасолю? Напрыклад, у мяне на лецішчы за адзін сязон яе вырастае столькі, што хапае не толькі на сямью і сяброў, але і на суседзяў, суседскіх сяброў і яшчэ на шмат каго… Але законы свабоднага гандлю таму і існуюць ва ўсім свеце, што дазваляюць спажыўцам самім, на свой густ, выбіраць. У тым ліку і фасолю.
“Намаганні дзеля максімальнага скарачэння імпарту” будуць насамрэч сур’ёзнымі: кантроль за рэалізацыяй тавараў айчыннай вытворчасці будзе жорсткі – папярэдзіў старшыня камітэту дзяржкантролю і ў якасці пераканаўчага прыкладу прывёў статыстычныя дадзеныя, паводле якіх вынікае, што 99% праверак, праведзеных супрацоўнікамі падначаленай яму арганізацыі, далі плённы вынік. Менавіта я адчуваю страшэнную знявагу ад таго, што мяне прымушаюць есці і піць не тое, што я хачу, а тое, што лічыць неабходным нейкі невядомы мне дзяржаўны кантралёр Зянон Ломаць.
Алена Раўбецкая паводле Радыё Рацыя
Фота Наталіі ВАЖЭЙКА