Чыя Вільня: беларуская ці польская?

|

Аўтобусны прыпынак у Новай Вільні, побач бабуля сталага ўзросту па тэлефоне гучна размаўляе на польска-беларускай мяшанцы. Паспрабавалі звярнуцца да яе на такім жа самым дыялекце (асаблівасці вымаўлення захоўваюцца):

 

– Пшэпрашам пані, я могу доехаць с тэго пшыпынку до пшыпынку “Стотіс”?

– То потшэбне чэкач аўтобуса 3-Г.

– Дзенькі, естэм з Бяворусі, шукам одказы на пытанні, кому належыч Вільня, можэ пані скажа цош наконт тэго?

 

Бабуля рэзка пераключаецца на сапраўдную трасянку: “А, дык ты з Беларусі прыехаўшы сюды, то я тобе так скажу, што Вільня была пастаянна польскай, ты пахадзі па горадзе, тут касцёлы і касцёлы, тут і Пілсуцкага маці, і сэрца самога Пілсуцкага. Эта раней была Вільня польскай, а потым прыйшоў бальшавік, а потым і Літва стала, але мы і ў школе па-польску гаварылі”.

 

– Прабачце за пытанне, але якога Вы года нараджэння, што ў школе гаварылі па-польску?

 

– Я з 30-га года, і вот я з колежанкай гаварыла толькі што, еду да яе ў госці, дык мы пастаянна па-польску гаворым, эта маладыя пазабывалі польску, на літоўскай гавараць.

 

– Але Вы са мной амаль па-беларуску гаворыце, на трасянцы, а не па-польску.

 

– Гэта мы так гаварылі ў вёсцы, я потым маладая на работу сюды паехала ў Вільню, я з Кямелішак, тут недалёка яны ў Беларусі.

 

Зразумела, што бабуля была выхаваная ў іншай культурнай традыцыі. Адправіліся шукаць больш маладога віленчука.

 

У раёне “Гарунай”, дзе знаходзяцца аўтамабільны і рачавы рынкі, паразмаўлялі з мужчынай 49 год, які прадставіўся Юзафам:

 

“Бацькі мае заўсёды казалі, што мы палякі, але ў сям’і гаварылі мы заўсёды па-руску, у касцёл са сваёй сям’ёй я хаджу на польскія службы і сам сябе лічу палякам, хоць ведаю і рускую, і польскую, і літоўскую мовы. Каму павінна належыць Вільня, я нават і не адкажу, ніколі не задумваўся, але тут жывуць розныя нацыянальнасці. Нас, палякаў, таксама шмат, і мы паміж сабой можам пагаварыць па-польску, калі збіраемся разам. Калі гаварыць пра маю сям’ю, дык дзяцей сваіх я прынцыпова аддаў у польскую школу”.

 

У гандлёвым цэнтры “Акропаліс” сустрэлі дзвюх дзяўчын, якія паміж сабой размаўлялі па-польску. Адна з іх згадзілася выказацца на пытанне, чыя ж Вільня:

 

“Маці ў мяне ўвогуле руская, а бацька паляк, карэнны віленчук, у свой час я вучылася ў польскй школе, бацька настойваў. Наконт вашага пытання скажу, што палякаў тут няшмат, па-польску гавораць альбо паміж сабой, як я зараз з сяброўкай Катажынай, альбо гавораць у касцёле. Тут у асноўным жывуць буларусы і літоўцы, вось гэтым народам пэўна і належыць Вільня у культурным плане”.

 

Шукаць віленскіх палякаў было нашмат складаней, чым віленскіх беларусаў і літоўцаў. Вільня можа быць культурнай спадчынай трох народаў, але калі звярнуцца да гісторыі, то Вільня раней заўсёды была цэнтрам не толькі Вялікага Княства Літоўскага і Беларускай Народнай Рэспублікі, але і цэнтрам канцэнтрацыі беларускай інтэлегенцыі і нацыянальнага руху.

 

Чытай таксама: Чыя Вільня: беларуская ці літоўская?