Штрафы за Arche і бойкі з гопнікамі: невядомае жыццё Жыровіцкага манастыра
Віктар (імя суразмоўцы з этычных прычын зменена) з дзяцінства быў набожным: “Пэўна, такое выхаванне мне дала маці, бо бацькі ў мяне не было, ён сышоў у іншую сям’ю. Потым, калі пачаў прыслужваць у храме, мне здалося, што я мог бы стаць святаром”. Так разам з маці ён і вырашыў ісці вучыцца на святара.
“Беларусы гэта рускія, якіх каталіцызмам сапсавалі палякі”
Віктар – беларускі патрыёт, можна сказаць, што нават нацыяналіст. Ён размаўляе па-беларуску і лічыць Каліноўскага героем, шануе гістарычныя сімвалы, а вось рускіх ніяк не можа лічыць братамі – яны для яго проста суседзі. Кажуць, што ў семінарыі прытрымліваюцца поглядаў “рускага свету”. І ў Віктара сапраўды былі праблемы, звязаныя з поглядамі.
“У нас праваслаўная царква не самастойная, падпарадкоўваецца Маскоўскаму патрыярхату. Але не ўсё так, як думаюць многія. У нас шмат выдатных выкладчыкаў, якія не з’яўляюцца прыхільнікамі “Рускага свету” і маглі б выступіць за аўтакефалію. Ёсць і такія, што час ад часу паводзяць сябе як звычайныя шавіністы, сцвярджаюць, што беларусы гэта рускія, якіх каталіцызмам сапсавалі палякі”, – расказвае Віктар.
Arche святарам шкодны
Здаралася, што ў семінарыі па начах правяралі пакоі: шукалі тых, хто мог употай ужываць алкаголь, правяралі прысутнасць, а бывала, што і глядзелі, каб не было забароненай літаратуры. “Пару разоў у мяне знаходзілі прабеларускія кніжкі, часопіс Arche, на заплечніку – бел-чырвона-белая стужка. Да гэтага чапляліся. Аргументавалі, што такія кнігі і рэчы дэструктыўна ўплываюць на станаўленне светапогляду будучага сапраўднага праваслаўнага святара”, – узгадвае Віктар.
Заўвагамі справы не скончыліся – некалькі разоў студэнта пазбаўлялі стыпендыі. “Нам пры паступленні амаль кожнаму даюць фотаапарат – гэта накшталт падарунка ад патрыярха. Дык забралі ў мяне Canon D500”.
Пад гук званоў ляцяць лупіць гопнікаў
Па словах Віктара, семінарысты – звычайныя маладыя людзі, якія могуць і выпіць, і павесяліцца. “І на дзяўчын мы таксама глядзім, у сацсетках перапісваемся з імі, ездзім да іх. Мы можам і ў бар, і ў клуб начны схадзіць, і калі нехта пачынае чапляцца, то і ў нос даць, – кажа сённяшні святар. – Ёсць святары і семенарысты, якія прыкідваюцца праведнікамі і анёлкамі, а на самой справе, калі бачаць толькі свае, то такую чарнуху вытвараюць, што распавядаць нават сорамна”.
Насупраць манастыра знаходзіцца вучылішча, якое семінарысты называюць “шарага”, бо “акрамя гапаты там ніхто не вучыцца”. З імі ў будучых святароў часта здараюцца канфлікты з-за дзяўчын. “Нам, святарам, для атрымання прыходу патрэбна жонка, вось мы і шукаем сабе сярод мясцовых. Гэтыя “шаражнікі” нахабна да іх лезуць, дык мы пару разоў заступаліся за дзяўчын. Так і ўзнікалі патасоўкі”, – тлумачыць Віктар. Але калі семінарыстам далі дабраславенне на “абарону ад супастатаў”, дык хлопцы хутка паставілі птвшнікаў на месца. Было нават такое, што білі ў звон, калі “шаражнікі” пачыналі нападаць на семінарыстаў – тры ўдары звана і ўсе з семінарыі лятуць на абарону сваіх.
“Буду вучыць людзей маліцца па-беларуску”
Ці шмат сярод семінарыстаў аматараў “рускага свету”? Па падліках Віктара, недзе 40 на 60. “Нашых менш, бо ідзе вечная агітацыя і прамыўка мазгоў, нават не супраць беларускасці, а ўвогуле супраць іншых канфесій і рэлігій. Мы калі ў сталоўцы прымаем ежу, дык нам вечна нешта чытаюць, я звычайна гэтую балбатню не слухаю, там тупое замбаванне, дзе расказваюць што адно праваслаўе ёсць правільная вера, а ўсё астатняе – шэльмаванне”, – хлопец не ашчаджае словаў, калі кажа пра ідэалагічны складнік вучобы.
Віктар прыгадвае выпадак, калі ў семінарыю прыслалі прафесара з Гродзенскага ўніверсітэта: “Жанчына была вельмі прыемная, здаецца, чытала гісторыю праваслаўя ў Беларусі. Яна гаварыла па-беларуску, выкладала ў нацыянальным кірунку, дык частка семінарыстаў пачала наязджаць, быццам яна падбухторвае іх супраць праваслаўя”.
Іншы выпадак здарыўся на навуковай канферэнцыі. Прыезжы хлопец чытаў даклад пра праваслаўных у паўстанні Каліноўскага, а мадэратар пастаянна яго перапыняў, сварыўся і не даваў скончыць. У канцы хлопец паказаў праваслаўны нацельны крыж з выявай герба паўстанцаў Каліноўскага, дзе кірыліцай было напісана: “Польшча, Літва, Русь. Свабода, Роўнасць, Незалежнасць”. “Увечары мы выслухалі лекцыю рэктара, што такі даклад не трэба ўспрымаць сур’ёзна, бо ён кепска ўплывае на святапогляд праваслаўнага святара”, – кажа Віктар.
Хлопец плануе заставацца святаром, ён ужо амаль жанаты і калі ўсё будзе добра, то атрымае свой прыход. “Буду вучыць людзей маліцца па-беларуску і шанаваць нашую культуру”, – абяцае ён.