Гарадзенскія мастакі-эксперыментатары “выйшлі за”: нетыповую выставу паказваюць у галерэі “Крыга”

Права вырашаць“куды” ці “за” што выходзіць маладыя мастакі далі наведвальнікам выставы. Сапраўды, зрабіўшы апошнія падрыхтоўчыя мантажныя рыскі, і ўсталяваўшы ў адной з залаў анлайн-камеру, хлопцы пайшлі з галерэі, каб нават сваёй прысутнасцю не сапсаваць аўтэнтычнасць успрыняцця твораў глядачамі. Праз камеру яны планавалі назіраць за рэакцыяй гасцей імпрэзы.

 

Чарга жадаючых пазнаёміцца з новымі працамі Эміля і Яўгена ўтварылася ажно на прыступках у “Крыгу”. Уваход у залы зацягнуты плотным чорнымі паліэтыленавымі шторамі сустракаў надпісам “За вамі сочаць!” Напэўна, ён падкрэсліваў не толькі наяўнасць камеры, але і пазначаў адзін з канцэптаў выставы.

Выстава канцэптуальная, хоць і спалучае творчасць двух мастакоў, у кожнага з якіх свой непаўторны стыль. Кідаецца ў вочы нонканфармісцкі погляд на свет сучаснага чалавека і  грамадства. Як знешні, так і ўнутраны: закамплексаваны, мерна-стабільны, заснулы ў межах грамадскіх клішэ. І эфемерны, як і ўся інфармацыйная прастора, у якую акунуўся сучасны чалавек.

У часы, калі ўсё можна купляць, а цяпер і праз інтэрнэт, чаму бы не набыць любоў Бога, няхай і “сусветна-павуцінную”? У гэтым сэнсе інсталяцыя Яўгена Рамашова пад назвай “God Is Online”, з цэнтральнай выявай 8-бітнага Хрыста, б’е глядачу не ў броў, а ў вока.

 

Але ў авангардзе складана шукаць устойлівых і адназначных вобразаў. Перафразуючы вядомую будысцкую прымаўку: “Ісціна ў вачах таго, хто глядзіць”. У тым сэнсе, што кожны ўбачыць тое, што захоча. Што робяць белыя буслы, пралятаючыя на фоне надпіса EUROPA на карціне Рамашова пад той жа назвай? Сімвалізуюць свае цэнтрабежныя намаганні ці пралятаюць міма гэтай самай Еўропы? Ці што можна ўбачыць у звычайным статку авечак на карціне Эміля Зянько “У межах”? Людское глупства? Абмежаванасць магчымасцей чалавека? А можа жорсткі кантроль з боку дзяржавы?

 

Каб скласці сваё меркаванне, трэба прыйсці і ўсё ўбачыць на ўласныя вочы. Aeternae veritates!

 

Працаваць выстава будзе да 19 верасня.

 

Фота Волі Новік