Самы сумленны спорт: восем кароткіх правіл “гонкі за птушкамі”
1. Гонка за птушкамі распачынаецца для ўсіх каманд у 6.00 і сканчаецца праз 12 гадзін, у 18.00.
2. Чатыры чалавекі – максімум для каманды, дадаткова можа быць яшчэ толькі кіроўца. Карыстацца можна любым транспартам.
3. Улічваюцца толькі тыя віды, якія ўбачылі або пачулі ўсе чальцы каманды. Від, вызначаны па голасу, пазначаецца ў спісе скрыпічным ключом. Забараняецца спецыяльна палохаць птушак ці рабіць іншыя дзеянні, каб ускладніць або зрабіць немагчымым назіранне птушак іншай камандзе. Журы не можа праверыць дакладнасць дадзеных, якія падаюць каманды. Усе вынікі трымаюцца на сумленні ўдзельнікаў чэмпіянату, але калі выявіцца падман, дык каманду дыскваліфікуюць пажыццёва.
Гарадзенцы стартавалі ў вёсцы Хамікі Гродзенскага раёну, далей каманда дзейнічала ў ваколіцах вёскі Свіслач.
4. Перамагае каманда, якая за дзень зарэгіструе найбольш дзікіх птушак у прыродных умовах. Калі ўдзельнікі зарэгіструюць 20-ы від, яны паведамляюць пра гэта арганізатарам па тэлефоне. Далей яны інфармуюць аргакамітэт праз кожныя 10 птушак.
5. Выкарыстоўваць можна толькі біноклі ці падзорныя трубы, а запісы галасоў птушак, сеткі і любыя іншыя прыстасаванні забароненыя.
6. Да 18.00 усе каманды павінны паведаміць у аргкамітэт, колькі відаў удалося зарэгістраваць. Гэта можна зрабіць любым зручным спосабам, напрыклад, праз sms. За кожныя 5 хвілін спазнення са спісу каманды здымаюць адзін від. Да 18.45 у аргкамітэт трэба перадаць поўны спіс відаў з пазнакай вадаёму, населенага пункту або ўрочышча, дзе зарэгістраваны кожны від і колькасць асобін. Від сустрэты ўпершыню ў прыродных умовах называюць “лайфер”.
7. У аргкамітэт перадаюцца палявыя запісы, а не чыставік. Спіс птушак павінен весціся ў сістэматычным або храналагічным парадку на беларускай, рускай або лацінскай мове. Спіс можна перадаць па факсу, а адсканаваны або сфатаграфаваны – па электроннай пошце.
8. Пасля чэмпіянату журы вызначае каманду-пераможцу і месцы іншых каманд, пра што аргкамітэт паведамляе ўсім камандам па тэлефоне. У выпадку аднолькавай колькасці адзначаных відаў перамагае каманда, якая паведаміла, што скончыла раней.
Каму і якая карысць ад “гонкі за птушкамі”?
Удзельнікі “Гарадзенскі United” распавялі аб тым, што аснову для правілаў чэмпіянату ўзялі з вопыту шведскіх арніталагічных спаборніцтваў. Спаборніцтвы носяць таксама навуковы характар. Пасля іх могуць быць пашыраны тэрыторыі заказнікаў альбо прымаюцца іншыя меры па захаванні асобных відаў птушак, напрыклад, забарона палявання ў вясенні перыяд. Яшчэ адна карысць ад чэмпіянату – магчымасць сачыць за тымі відамі птушак, якія знаходзяцца пад пагрозай вымірання.
Спаборніцтвы праходзяць пад эгідай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Чэмпіянат адкрыты і ў ім могуць удзельнічаць арнітолагі з іншых краін. Так, у мінулыя гады былі ўдзельнікі з Італіі або Швецыі.
У гэтым годзе перамага каманда “Цмокі”, удзельнікі якой зафіксавалі 112 відаў птушак. “Гарадзенскія United” пабачылі 91 від і занялі восьмае месца ex aequo з камандай Troglodytes.
Чытайце таксама:
Гарадзенскія арнітолагі падлічылі і акальцавалі рэдкіх сокалаў-пустальгоў
Гарадзенскія арнітолагі выратавалі бусла