У новым Глабальным Індэксе старэння Беларусь захавала 64-е месца
Месца кожнай краіны ў рэйтынгу выводзіцца на аснове 4-х паказчыкаў: матэрыяльнай забеспечанасці сталых людзей, стану іх здароўя, магчымасцей для развіцця асабістага патэнцыялу, а таксама спрыяльнага асяроддзя для сталых людзей.
Адносна нізкая пазіцыя Беларусі ў рэйтынгу звязаная найперш са станам здароўя сталых беларусаў. Па гэтым параметры нашая краіна знаходзіцца ажно на 84-й пазіцыі.
Так, у адносна здаровым стане пасля дасягнення 60-гадовага ўзросту беларусы ў сярэднім могуць пражыць 13,6 года. У Швайцарыі гэты паказчык складае 19 год.
Лідэры і суседзі
Лідэрамі рэйтынгу краін з лепшымі ўмовамі для жыцця сталых людзей з’яўляюцца Швайцарыя, Нарвегія і Швецыя.
Як паведамляецца ў прэс-рэлізе, прысвечаным Індэксу 2015 г., гэтыя краіны кансультуюцца са сталымі людзьмі, каб задавальняць іх патрэбы і развіваць іх досвед і кампетэнцыі, забяспечыць годную ахову здароўя, магчымасці для адукацыі на працягу ўсяго жыцця, бяспечнае і спрыяльнае асяроддзе для людзей усіх узростаў.
А вось як выглядаюць месцы ў рэйтынгу краін-суседзяў Беларусі (у дужках месца ў Індэксе 2014 г.):
Польшча – 32 месца (32)
Латвія – 35 месца (35)
Літва – 63 месца (60)
Расія – 65 месца (65)
Украіна – 73 месца (82).
Для чаго патрэбны Індэкс?
Актывісты міжнародных і нацыянальных арганізацый ва ўсім свеце выкарыстоўваюць дадзеныя Індэкса для таго, каб заахвочваць урады краін прымаць больш эфектыўныя меры для паляпшэння якасці жыцця сталых людзей, абароны іх правоў і павышэння іх удзелу ў жыцці грамадства.
Упершыню Глабальны Індэкс старэння быў прадстаўлены арганізацыяй HelpAge international у 2013 г.
У першым выпуску Індэкса Беларусь займала 60-е месца.
Што робіцца ў Гродне ў справе паляпшэння якасці сталых людзей?
У горадзе, як і ў цэлым у краіне, няма канцэпцыі дзеянняў па вырашэнні пытаняў, звязаных са старэннем насельніцтва.
Разам з тым, у горадзе з 2010 г. працуе першы беларускі “Універсітэт Залатога Веку“.
Грамадскімі актывістамі горада распрацоўваецца канцэпцыя праграмы “Горад, прыязны да сталых людзей”, якая хутка будзе прадстаўленая мясцовым уладам.
Каб пазнаёміцца з Глабальным Індэксам старэння-2015 навядзіце курсор на публікацыю ўнізе і пагартайце яе старонкі.