Tandem Evenings in Hrodna: Другі сезон стартаваў!

|

Tandem Evening – гэта магчымасць пашыраць свае моўныя і культурныя веды, арганізаваная ГА “Цэнтр “Трэці Сектар” у Гродна. Першая сустрэча адбылася ў маі гэтага году, удзельнікі сустракалаліся штотыдзень, з кароткім перапынкам пад канец лета. Зараз сустрэчы аднавіліся і будуць адбывацца па чацвяргам, а 18-ай гадзіне.

 

На першай асенняй сустрэчы ўдзельнікі прыйшлі паразмаўляць на нямецкай, англійскай і польскай мовах. Найбольшую зацікаўленасць, як заўсёды, выклікаў англійскі стол. Удзельнікі прызнаваліся ў размовах, што прыходзяць вучыць гэтую мову, таму што яна самая патрэбная, на ёй размаўляе ўвесь свет, ім цікава падарожнічаць і ўласна на гэтай мове можна кантактаваць куды б ты не патрапіў.

 

На сустрэчы прысутнічалі пастаянныя ўдзельнікі і тыя, хто прыйшоў упершыню. Раман, які на тандэм прыходзіць з самага пачатку і сядзіць то за англійскім, то за польскім сталом, адзначыў, што першай прычынай, па якой яму цікава прыходзіць на тандэм – магчымасць папрактыкавацца ў розных мовах. Другая – магчымасць сустрэцца і паразмаўляць з рознымі цікавымі людзьмі.

 

Арганізатары,  апроч вышэйназваных моваў, прапануюць са свайго боку таксама італьянскі, беларускі, французкі стол, якія адкрытыя для ўсіх жадаючых. Калі ў кагосці ёсць ідэя, ён валодае нейкай мовай, можа проста прыйсці і запрасціць ахвотных паразмаўляць на ёй.

 

Усім ахвотным раім уступіць у суполку ў VK, або проста прыйсці на сустрэчу – кожны чацвер, 18-ая гадзіна, па адрасе: вул. Будзённага 48а-63.