Сястры Васіля Быкава патрэбна дапамога

|

Падчас чарговага падарожжа па Ушаччыне Глеб Лабадзенка разам з сябрам і паплечнікам Васіля Быкава, паэтам Рыгорам Барадуліным, наведаў Валянціну Быкаву.

 

Журналіст заўважыў, што прыбіральня і хлеў на гаспадарцы жанчыны знаходзяцца ў аварыйным стане. Газавая пліта настолькі старая, што ў любую хвіліну можа выбухнуць.

 

Вярнуўшыся ў Менск, журналіст змясціў на сваім блогу абвестку, дзе заклікае неабыякавых людзей сабраць грошы, каб купіць і ўсталяваць пліту ў доме Валянціны Быкавай.

 

На пытанне рэдакцыі “Твайго стылю”, ці ёсць родныя ў сястры пісьменніка, якія маглі б дапамагчы, Глеб Лабадзенка адказаў: “Я лічу, што не трэба спадзявацца на родных або на ўлады, а трэба рабіць сваімі сіламі. Такія акцыіі спрыяюць кансалідацыі грамадства, выпрацоўваюць пачуццё спагады да праблемаў іншых людзей, жаданне дапамагчы”. Таксама Глеб Лабадзенка дадаў, што сёння ён размаўляў са старшынёй Ушацкага райвыканкама, які паабяцаў, што ў бліжэйшы час накіруе столяраў да Валянціны Уладзіміраўны, якія дапамогуць направіць хлеў і прыбіральню.

 

Зараз сястра Васіля Быкава з’яўляецца адзінай сведкай, якая яшчэ можа нешта распавесці пра народнага пісьменніка.

 

Нагадаем, што беларускі пісьменнік Васіль Быкаў каля дваццаці год жыў у Гародні, працаваў мастаком у гродзенскіх майстэрнях, у рэдакцыі абласной газеты “Гродзенская праўда”, з’яўляўся літаратурным кансультантам газеты “Гродзенская праўда”.

 

Жадаючыя дапамагчы Валянціне Быкавай могуць звяртацца на блог Глеба Лабадзенкі labadzenka.by.

 

Фота labadzenka.by