“У нас не было выбару – бацькі таксама музыкі”. Маладыя беларускія знакамітасці выступілі ў Гродне
Канцэрт адбыўся 8 верасня ў зале ГДК. Музыкі выконвалі творы расійскіх кампазітараў: Чайкоўскага, Рымскага-Корсакава, Рахманінава, Шастаковіча і іншых.
Кірыл Кедук нарадзіўся ў Гродне ў 1987 годзе, дэбютаваў на вялікай сцэне ва ўзросце 10 гадоў як саліст з сімфанічным аркестрам Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Мінску. Вучыўся ў выдатных педагогаў – Барыса Петрушанскага ў акадэміі Incontri col Maestro ў Італіі, а таксама ў Пятра Палэчнага ў Музычным універсітэце імя Шапэна ў Варшаве. У 2013 Кірыл скончыў аспірантуру ў класе брытанскага піяніста і педагога Грэхема Скота ў Каралеўскім Паўночным каледжы музыкі ў Манчэстэры.
Кірыл Кедук – лаўрэат больш за 15 міжнародных конкурсаў, у тым ліку Міжнароднага конкурса імя Уладзіміра Гаровіца ў Кіеве і James Mottram International Piano Competition ў Манчэстэры. У 2009 годзе ён здабыў I прэмію, а таксама прыз глядацкіх сімпатый на Міжнародным конкурсе KlavierOlymp ў Бад-Кісінг у Германіі, стаўшы такім чынам адзіным пераможцам у гісторыі конкурсу, які выйграў абедзве ўзнагароды адначасова.
Кедук быў госцем многіх прэстыжных фестываляў, сярод якіх “Фларэнтыйскі музычны май “, Kissinger Sommer, Geneve Chopin Festival. Гастраляваў на еўрапейскіх, паўночна і паўднёваамерыканскіх, а таксама азіяцкіх канцэртных пляцоўках. У красавіку 2013 піяніст запісаў свой дэбютны альбом пад назвай My Polish Diary, выдадзены вядомым амерыканскім лэйблам DELOS.
У верасні 2013 Кірыл Кедук ініцыяваў і стварыў міжнародны музычны фестываль TyzenHouse у родным Гродна. На працягу кароткай двухгадовай гісторыі ў фестывалі прынялі ўдзел Гі Туврон, Уладзімір Аўчыннікаў, Джінг Джао, Барыс Петрушанскі, Пётр Палечны, Міхаіл Сіманян, Яўген Бушкоў, Іван Карызна, Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь і іншыя артысты.
Разам з Кірылам Кедуком выступаў яго сябра – віяланчэліст Іван Карызна, які таксама паходзіць з Гарадзеншчыны – з Дзятлава. Цікавы факт, што Іван Карызна з’яўляецца сваяком знакамітага беларускага паэта і аўтара беларускага гімну – Уладзіміра Карызны.
Іван таксама, як і яго сябар Кірыл, з малых гадоў займаецца музыкай. Распавёў, што з Кірылам знаёмыя ўжо два гады, супраца падабаецца, а яшчэ вельмі спадабаўся Гродна. Хоць малады чалавек яшчэ і не паспеў павандраваць па гарадскіх вуліцах, але абацяў абавязкова азнаміцца з гісторыяй Гродна.