На “Лідскім піве” запусцілі найсучаснейшы ў рэгіёне варачны цэх
Як адзначылі на прадпрыемстве, сёння ідзе падрыхтоўка да запуску дадатковых ліній разліву – цэх, у якім будзе вырабляцца сусла, мае магутнасць у 1,7 мільёна літраў у год, што можа павялічыць прадукцыйнасць завода ў 1,5 разы.
– Варачны ўчастак – сэрца піваварнага прадпрыемства, – пракаментаваў галоўны тэхнолаг ААТ “Лідскае піва” Зміцер Нічыпар (на здымку). – Запушчаная варніца мае абсталяванне нямецкай кампаніі – аднаго з сусветных лідараў па вытворчасці абсталявання для сучасных бровараў. Яго вырабілі ў 2014 годзе спецыяльна пад нашы запыт і магутнасці.
Дзмітрый Нічыпар таксама падкрэсліў, што такога сучаснага абсталявання няма ні ў адным бровары з групы “Olvi” ва ўсёй Прыбалтыцы.
– Яно нацэлена на тое, каб у варачным парадку закладвалася смакавая стабільнасць пеннага напою. Іншымі словамі, і праз дзве гадзіны, і праз два дні, і праз месяц, і праз тры, смак піва ў бутэльцы павінен быць такім жа свежым, як і ў першы дзень разліву, – адзначыў галоўны тэхнолаг прадпрыемства.
Што тычыцца варніцы-папярэдніцы цяперашняй, яе закансервавалі на два гады. “Калі не будзе хапаць магутнасцяў, то мадэрнізуем і запусцім яшчэ і яе”, – дадаў генеральны дырэктар ААТ “Лідскае піва” Аўдрыус Мікшыс.
Даведка
Для падрыхтоўкі піва лідскае прадпрыемства выкарыстоўвае беларускі солад і нямецкі хмель.